Журы паэтычнай прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткімі спісамі за 2022 і 2023 гады. А цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў пройдзе 20 верасня ў Варшаве.
Кароткі спіс за 2022 год выглядае наступным чынам:
- Альгерд Бахарэвіч, «Вершы» (выдавецтва «Viasna»)
- Наста Кудасава, «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»)
- Вальжына Морт, «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
У кароткі спіс прэміі за 2023 год увайшлі кнігі:
- Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)
- Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
- Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)
Сёлетні склад журы прэміі:
Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца песень. Яе першы паэтычны зборнік вершаў «Слёзы на вецер» атрымаў прэмію Наталлі Арсенневай за 2021 год.
Міраслава Лукша – журналістка, пісьменніца і перакладчыца, аўтарка кніг паэзіі і прозы.
Аляксандр Распапоў – славіст, літаратуразнаўца, перакладчык, доктар гуманітарных навук, дацэнт Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Сябра Славістычнай камісіі Польскай акадэміі навук і Еўрапейскага філалагічнага таварыства.
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, пераможца прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2019 год.
20 верасня ў 17:00 у Варшаве пройдзе цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў. Мерапрыемства ў форме паэтычнага пікніка адбудзецца ў дзень нараджэння патронкі прэміі. Пляцоўкаю імпрэзы стане ўнутраны двор Моладзевага хаба, які стаў партнёрам падзеі. Перад афіцыйнай часткай цырымоніі ўсіх будуць чакаць канапкі ды напоі. Калі вы прынесяце да агульнага стала свае кулінарныя шэдэўры, мы будзем вельмі ўдзячныя! На цырымоніі можна будзе паслухаць вершы ў выкананні аўтарак і аўтараў, а таксама музычныя кампазіцыі, натхнёныя беларускай паэзіяй.
Арганізатары паэтычнай прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Партнёрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст.
Калі: 20 верасня, 17:00 – канапкі ды вініл, а 17:30 – пачатак цырымоніі.
Дзе: Моладзевы хаб, Варшава, ul. Dożynkowa 6a.