Выйшла новая кніга пісьменніцы і журналісткі Таццяны Заміроўскай “Свечи Апокалипсиса” (Свечкі Апакаліпсісу) складзеная з ейнага дзённіка гонза-назіранняў за наведнікамі буціка ў Нью-Ёрку з самымі дарагімі свечкамі ў свеце. У гэтай краме аўтарка працавала спачатку прадаўцом, пасля мэнэджаркай.
Кніга выйшла ў расейскім незалежным выдавецтве “Редакция Елены Шубиной” і ўжо стала бэстсэлерам у некаторых анлайн-кнігарнях.
Як паведамляе Sekktor.online, у інтэрв’ю “Нашай Ніве” Таццяна Заміроўская больш падрабязна расказала пра кнігу:
“Я штовечар пасля працы мусіла пісаць справаздачу маім парыжскім босам (іх, дарэчы, клікалі Жульен і Аліўе, як навагоднія стравы). Я пісала ім, што вось прыходзілі такія людзі, паводзілі сябе так і так (мяне ў выніку таму і нанялі мэнэджарам, бо я вельмі класна гісторыі распавядала). І сам бос неяк сказаў: „Таня, такія класныя гісторыі, ты проста пісьменнік!“ А я такая: „Ну, блін, я як бы насамрэч…”.
І бос мне параіў, што я павінна з гэтых гісторый зрабіць кніжку, бо вельмі смешна. Гэта ж француз! Яны любяць такія апакаліптычныя гісторыі пра пакупнікоў, якія дзіўна сябе паводзяць, асабліва калі гэта амерыканцы. Французам толькі дай магчымасць парагатаць з амерыканцаў (дарэчы, трэба кніжку на французскую мову перакласці, буду шукаць перакладчыка)“, — дзеліцца планамі аўтарка.

“Я жыву ў Амерыцы, а кніжка выйшла ў расейскім выдавецтве Алены Шубінай, і грошы ад выдання кніжак у Расіі я і этычна, і палітычна атрымліваць не магу і не хачу (нават калі б яны былі вялікія). А тыя невялікія сумы, якія там назапашваюцца, атрымліваю не я, а харошыя людзі, якім яны патрэбныя, скажам так. І грошы гэтыя праўда невялікія”, — тлумачыць Таццяна Заміроўская выхад кнігі менавіта ў расейскім выдавецтве.
Таццяна Заміроўская нарадзілася ў Барысаве, скончыла факультэт журналістыкі БДУ і арт-магістратуру Бард-Каледжу. Ужо 10 гадоў жыве ў Нью-Ёрку. Як журналістка і музычны крытык пісала для многіх беларускіх выданняў. Аўтарка кніг “Жыццё без шуму і болю”, “Вераб’іная рака”, “Зямля выпадковых лічбаў”, “Смерці.net”, “Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ” (выйшла ў беларускіх незалежным выдавецтве “Мяне Няма”).