12 красавіка ў Вільні адкрыецца маштабная выстава кніжнай графікі Кацярыны Дубовік з назвай “Я правяду цябе да ўзлеску…”.
Экспазіцыю складуць 45 арыгінальных працаў мастачкі, выкананыя ў розных тэхніках: афорт, тэмпера і маркеры на паперы, трафарэт і туш, тэмпера і гуаш і інш. На выставе будуць прадстаўленыя выбраныя працы з кніг, якія аформіла мастачка, сярод іншага гэта “Пітэр Пэн” Дж.М. Бары, “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса” Л. Кэрала, “Чараўнік Краіны Оз” Ф. Баўма, “Чаму Меша не мае хаты” Надзеі Ясмінскай, беларуская народная казка “Як Васіль змея перамог”, “Снежны чалавек у Мінску”, “Skattjakten i Mundu Onak”, “Toomi och den lilla plangneten” шведскай пісьменніцы Эвы Суса.
Афіцыйнае адкрыццё з удзелам мастачкі адбудзецца ў Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча (Vilniaus g. 20) 12 красавіка а 19-й, наведаць выставу можна будзе да 25 красавіка.
Арганізатар выставы — Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, інфармацыйны партнёр — Bellit.info.
Кацярына Дубовік нарадзілася ў Мінску ў 1988 годзе. У 2007 годзе абараніла дыплом Мінскага дзяржаўнага гімназіі-каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “Дызайн”. У тым жа годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, скончыла мастацкае аддзяленне, кафедра графікі.
Найлепшы ілюстратар 2015 года ў персанальнай намінацыі “Майстэрства” за афармленне “Шахматнай навелы” Штэфана Цвайга (Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”). Лаўрэатка Прэміі Цёткі 2016 года за найлепшае афармленне беларускай кнігі для дзяцей і падлеткаў (“Сем ружаў” Надзеі Ясмінскай). Уладальніца Гран-пры 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і дызайну “ADNAK!” у намінацыі “Графічны і камунікацыйны дызайн” за афармленне кнігі казак В. Гаўфа. У верасні 2016 года перамагла ў конкурсе афармлення казкі шведскай дзіцячай пісьменніцы Эвы Суса “Снежны чалавек у Мінску” ў перакладзе на беларускую мову Дзмітрыя Плакса. З 2016 года жыве ў Амстэрдаме, Нідэрланды.