Выходзіць перавыданне кнігі пра “Майстроўню” Дубаўца

Фонд “Камунікат” анансаваў выхад другога выдання кнігі Сяргея Дубаўца “Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” з нагоды 45-х угодкаў “Майстроўні”, адной з першых нефармальных арганізацый у сучаснай гісторыі Беларусі.

“Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду” — гэта аповед пра тое, як у сумнай шэрай паўсядзённасці савецкага існавання з’явілася бліскучая ўнікальная беларуская ідэнтычнасць. На Каляды 1980 году група менскіх студэнтаў, якія назвалі сябе “Майстроўняй”, вырашае адрадзіць старую народную абрадава-песенную традыцыю калядаваньня ў цэнтры гораду. Як аказалася, гэта быў толькі першы крок. Неўзабаве група становіцца ядром нацыянальнага руху, які пачынае расці і пашырацца па ўсёй Беларусі і ўрэшце прыводзіць да стварэння незалежнай беларускай нацыі…

Вось гісторыя пра чароўныя пачаткі “Майстроўні” і яе заснавальнікаў, 50 чалавек, чыё падарожжа пачалося сорак пяць гадоў таму. Лёсам удзельнікаў легендарнай суполкі стала незалежнасць краіны.

З “Майстроўні” бярэ пачатак мноства маладзёвых суполак па ўсёй Беларусі, з якіх урэшце вырасце ў тым ліку Беларускі Народны Фронт.

Кнігу можна ўжо замаўляць. Высылка замоўленых кніг пачнецца пасля 10 жніўня.