Выдавецтва фонда “Камунікат” разам з Беларускім Гістарычным Таварыствам выдае манаграфію даследчыка Юрыя Грыбоўскага “Беларусы ў Латвіі (1918—1945 гг.)”. У кнізе ўсебакова разглядаецца гісторыя беларусаў у Латвіі з моманту абвяшчэння незалежнай латвійскай дзяржавы па заканчэнне ІІ сусветнай вайны.
Выбар храналагічных межаў даследавання (1918—1945 гг.) абгрунтаваны аб’ектыўнымі прычынамі. Гэтыя часовыя рамкі дазваляюць прасачыць беларускую прысутнасць на латвійскай зямлі на фоне такіх істотных падзей яе гісторыі, як: змаганне за незалежнасць, будаванне дэмакратычнай дзяржавы, усталяванне аўтарытарнага кіравання, панаванне савецкіх і нямецкіх акупантаў. Менавіта ў разгляданы час Латвія была адным з галоўных асяродкаў беларускага нацыянальнага руху за межамі бацькаўшчыны. У краіне назіралася значная культурна-асветная і грамадская актыўнасць беларусаў. У ранейшы перыяд (да 1918-га) беларусы ў Латвіі не праяўлялі актыўнасці. Тым часам у пазнейшы час (пасля 1945-га) беларускае жыццё ў краіне знікла, а нацыянальны склад Латвіі зазнаў грунтоўныя змены.

У манаграфіі аналізуюцца розныя аспекты латвійска-беларускіх адносін, якія раней не з’яўляліся прадметам грунтоўнай даследчыцкай увагі. Як адзначае ў сваёй прадмове да выдання Юрыс Пойканс, былы Амбасадар Латвійскай Рэспублікі ў Польшчы, кніга паказвае агульную гісторыю, многія кантакты, якія ствараліся на працягу стагоддзяў, а таксама ўсебакова дапаўняе гістарычную думку як латвійскую, так і беларускую.
Манаграфія з’яўляецца плёнам шматгадовай працы Юрыя Грыбоўскага ў архівах і бібліятэках Беларусі, ЗША, Латвіі, Літвы, Германіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Эстоніі.
Выданне падрхтавана дзякуючы падтрымцы Беларускай Дабрачыннай Фундацыі ў Лондане і Ганаровых консулаў Латвійскай Рэспублікі ў Кракаве — Рафала Бжоскі і ва Уроцлаве — Марціна Качмарскага.
Кнігу проста цяпер можна замовіць са зніжкай праз інтэрнэт-кнігарню фонда “Камунікат”.






