Выходзіць культавы навукова-фантастычны раман — перадзаказ

У выдавецтве “Янушкевіч” абвесцілі пра выхад у кастрычніку перакладной навінкі — рамана “Дзюна” Фрэнка Герберта ў перакладзе Ігара Кулікова. Паярэднюю замову можна зрабіць проста цяпер на сайце Knihauka.com.

“Дзюна” — знакавы навукова-фантастычны раман амерыканскага пісьменніка Фрэнка Герберта, які справядліва лічыцца адным з найвялікшых твораў у гісторыі сусветнай фантастыкі. Упершыню апублікаваны ў 1965 годзе, твор адразу заваяваў прызнанне як чытачоў, так і крытыкаў, стаўшы лаўрэатам дзвюх самых прэстыжных жанравых узнагарод — прэмій “Х’юга” і “Нэб’юла”. 

Але значэнне гэтага твора выходзіць далёка за межы жанру: “Дзюна” зрабіла рэвалюцыю ў фантастыцы, паўплываўшы на літаратуру як такую, а таксама на кінематограф і філасофскія дыскусіі пра будучыню чалавецтва. 

Падзеі рамана разгортваюцца на пустыннай планеце Аракіс, вядомай таксама як Дзюна — адзінай крыніцы каштоўнага рэсурсу, які мае ключавое значэнне для ўсёй Галактыкі. Гэта эпічная гісторыя пра ўладу, экалогію, рэлігію, фанатызм і чалавечую волю, якая раскрываецца праз лёс юнага Пола Атрэйдэса — спадчынніка аднаго з Вялікіх Дамоў, якому наканавана стаць цэнтрам эпахальных перамен у сусвеце.