Дзве новыя аўдыякнігі паводле твораў Паліны Качатковай

У межах выдавецкай серыі “Кнігі бяз літар” на сайце Kamunikat.org выйшлі аўдыяверсіі дзвюх кніг Паліны Качатковай: аповесць “Паэт” і зборнік апавяданняў “Гняздо-2”. Абедзве кнігі агучыла Кацярына Ваданосава.

Аповесць “Паэт” была напісаная Палінай Качатковай у 1996 годзе падчас працы ў Літаратурным музее Максіма Багдановіча ў Мінску, друкавалася з працягам у часопісе “Бярозка”. Аповесць прысвечаная часу навучання Максіма Багдановіча ў гіманазіі ў Яраслаўлі, грунтуецца на дакументах з фондаў музея, успамінах сяброў, братоў і бацькі паэта. Слухаць на сайце фонда “Камунікат”.

Зборнік “Гняздо-2” складзены з кароткай прозы падобнай на сны, адчуванне ад прачытанага не адпускае, уплывае на падсвядомасць. Алесь Бяляцкі пісаў: “Яшчэ ў самых першых літаратурных спробах Паліны Качатковай заўважыўся яе адметны стыль, жаданне пісаць проста, уменне па-свойму, назіральна глядзець на звычайныя, штодзённыя побытавыя з’явы і рэчы. Паліна Качаткова мае несумненны талент апавядальніка. Ён з ахоплівае і авалодвае тваёй увагаю, змушае суперажываць. І першыя прыкметы ўцягнутасці і далучанасці – гэта тое, што яе творы выклікаюць шэраг тваіх уласных асацыяцыяцый”.

Слухаць аўдыякнігу на сайце фонда “Камунікат”.