Выдавецтва Skaryna Press выпусціла кнігу Сяргія Жадана “Anarchy in the UKR” у перакладзе Алега Жлуткі. Кнігу можна купіць у інтэрнэт-кнігарні, а для тых, хто дабярэцца да фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova ў Варшаве (6—8 кастрычніка), яшчэ і непасрэдна на мерапрыемстве.
“Анархія” трапіла Алегу Жлутку ў рукі ўвосень 2007 года і справіла настолькі моцнае ўражанне, што ён адразу ж вырашыў узяцца за пераклад, які выйшаў друкам у Менску ў 2012 годзе.
У 2014 годзе Сяргій Жадан перавыдаў “Анархію” разам з “Луганскім дзённікам”, адрэдагаваўшы свой першапачатковы тэкст: упарадкаваў пунктуацыю, месцамі прыбраў непатрэбныя выпады і каментары, у выніку чаго твор стаў выразнейшым і лягчэйшым для ўспрыняцця.
У 2022 годзе Алег Жлутка загарэўся ідэяй зрабіць перакладу капітальны “рэмайстарынг” — наблізіць яго да актуальнай аўтарскай рэдакцыі. Вось уласна гэты дапоўнены і абноўлены пераклад сёлета выйшаў у выдавецтве “Скарына“.