У выдавецтве “Пфляўмбаўм” выйшаў з друку дэбютны раман Марыі Пархімчык “Эйфарыя”. “Агонь-полымя-глюкі-іронія-сарказм!” — гэтак сцісла і эмацыйна выказваюцца выдаўцы пра кнігу.
Анатацыя:
На IT-востраў у цэнтры Еўропы прыязджаюць журналіст Пітэр Уордсварт і мастацкі кіраўнік танцавальнага калектыву Кацярына Фёдараўна. Ён збіраецца зрабіць яскравую гісторыю пра змрочную рэспубліку, яна — годна выступіць на свяце ўраджаю. Усё ад пачатку ідзе не па плане. Героям даводзіцца прайсці праз выпрабаванні, якія стварае для іх нехта на востраве. Аднак хутка прыгоды пачнуцца і для тых, хто імі кіруе… Дзе праўда, дзе выдумка — дакладна не адкажа ўжо ніхто.
Разам з героямі “Эйфарыі” чытач завітае на юбілей народнага артыста, зазірне ў цэнтр псіхічнага здароўя, наведае шыкоўны замак, паглядзіць лялечны спектакль, дасць драла ад лясных драпежнікаў і разгадае загадку ўсюдыісных помнікаў правадыру.
Кнігу ўжо можна купіць праз сайт Knihauka.com.
Марыя Пархімчык нарадзілася ў 1986 годзе на Бабруйшчыне. З адукацыі — філалагіня, з прафесіі — журналістка, рэдактарка, сторытэлерка, стваральніца падкастаў. Таксама працуе з гумарыстычнымі тэкстамі як камікеса і ўдзельніца фемінісцкага стэндап-клубу. Удзельніца Рэзідэнцыі маладога літаратара Беларускага ПЭН-цэнтра ў 2019 годзе. Раней друкавалася толькі з малымі формамі і ў самвыдаце. Дэбютуе ў “Пфляўмбаўм” з раманам “Эйфарыя”, які ствараўся зімой 2021/2022 ў Менску.

