Беларускае indie-выдавецтва “Мяне Няма” неўзабаве плануе выпусціць з друку тры новыя кнігі. Паэзія Сяргея Прылуцкага, папяровая версія прозы ад Тоні Лашдэн і перавыданне твора Уладзіміра Казлова. Кнігі ўжо друкуюцца.
Новая кніга вершаў Сяргея Прылуцкага “Гіброіды” (замовіць)
Сяргей Прылуцкі – панк-літаратар, віртуозны стыліст і хуліганісты выхаванец «обшчэства балотнага гламура». Пранізлівы лірык і адчайны перакладчык з невыноснага на чалавечае. Аўтар кніжак «Герой эпохі стабільнасьці», «Патрыятызм для чайнікаў», «Дзевяностыя forever», «Нічога нястрашнага» і інш.
Нарадзіўся ў Берасці. З канца нулявых жыве ва Украіне. Ацалеў падчас расейскай акупацыі Бучы. Гэтая кніга здарылася яшчэ да вайны. Але кранае прадчуваннем хуткага трындзеца. І адвечнай асалодай супрацстаяння.
Уладзімір Казлоў “Варшава” (замовіць)
“Варшава” — гэта хроніка жыцця героя, чыё юнацтва супала з распадам Савецкага саюзу і адаптацыяй да новых рэаліяў. Першая палова дзевяностых — час вялікіх надзеяў і чаканняў. І сёння, успамінаючы падзеі больш як трыццацігадовай даўніны, аўтар задаецца пытаннем: “Што пайшло не так? Чаму гэтыя чаканні не апраўдаліся?”
Тоні Лашдэн “Чорны лес” (замовіць папяровую версію)
“Чорны лес” — гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае па сваёй сутнасці адлюстраванне свету, у якім знайшлі сябе беларусы і беларускі пасля 2020 года. Жах перад чалавекам у форме, перажыванне траўмы, страта радзімы, стойкасць і супраціўленне месцяцца ў класічных беларускіх топасах балота, мяжы, вёскі, поля, якія пачынаюць дзейнічаць насуперак тым, хто абвясціў над імі сваю ўладу. Раней кніга выходзіла толькі ў электронным варыянце.