Выдавецтва “Янушкевіч” падпісала ўмову на права выдання беларускага перакладу культавага рамана Фрэнка Герберта “Дзюна”. Кнігу перакладае Ігар Кулікоў, у чыім перакладзе цяпер выходзіць “Валадар пярсцёнкаў” Дж. Р. Р. Толкіна.
“Наша чарговае маленькае дасягненне! — дзеліцца выдавецтва навіной у сацсетках. — <…>Чаму «Дзюна» такая важная? Апублікаваная ў 1965 годзе «Дзюна» — гэта не проста эпічныя прыгоды на бязлюднай планеце, гэта празорлівае даследаванне палітыкі, рэлігіі, экалогіі і чалавечых амбіцый. У «Дзюне» закранаюцца складаныя тэмы ўлады, выжывання і аховы навакольнага асяроддзя, якія сёння актуальныя як ніколі“.
Раман Герберта паўплываў на мноства іншых твораў навуковай фантастыкі, ад «Зорных войнаў» да сучаснай літаратуры. Раман у беларускім перакладзе мае выйсці ў 2025 годзе.