Выдавецтва Gutenberg Publisher анансуе на 17 лютага выхад выбраных вершаў нямецкамоўнай паэткі, габрэйкі Машы Калека (Mascha Kaléko) у перакладах Ігара Крэбса. Выданне будзе на дзвюх мовах: побач нямецкімі арыгіналамі — пераклады на беларускую мову.
У сярэдзіе 20 стагоддзя паэтычны голас Машы Калека быў адным з найгучнейшых нямецкіх антываенных і антыфашысцкіх галасоў, які выкрываў злачынствы і бескампрамісна заклікаў пакараць вінаватых:
Нас вучаць: ворагаў любіць — па-боску,
Мы ж ненавідзім іх — па-чалавечы.
Голда Малка Аўфэн, менавіта такое імя насіла ад нараджэння паэтка, нарадзілася 7 чэрвеня 1907 году ў Хшанаве (цяпер Польшча). З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі і сястрой эмігруе ў Германію — спачатку ў Франкфурт, потым у Марбург і Берлін. З 1929 года друкавала вершы ў газетах «Vossische Zeitung» і «Berliner Tageblatt». Атрымала вядомасць, была заўсёдніцай «Romanisches Café», дзе сустракалася з Эрыхам Кестнерам і Куртам Тухольскім. У 1933 годзе ў выдавецтве «Rowohlt» выйшаў ейны першы паэтычны зборнік «Lyrisches Stenogrammheft» («Лірычны зборнік стэнаграм»), ён неўзабаве быў падвергнуты нацысцкай цэнзуры, як і ейная другая кніга «Das kleine Lesebuch für Große» («Маленькая чытанка для дарослых»), якая выйшла ў 1935 годзе. У 1938 годзе паэтка пакінула нацысцкую Германію. У гэтым годзе распаўся ейны шлюб з філолагам Саўлам Ааронам Калека, і яна эмігравала са сваім другім мужам Шэміа Вінаверам і сынам Стывенам у ЗША. Да 1962 года застаецца са сваёй сям’ёй у Амерыцы, потым з’язджае на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль. Толькі там Шэміа спадзяецца рэалізаваць справу свайго жыцця: ён прафесійны кампазітар класічнай музыкі.
У 1968 годзе ў Нью-Ёрку памірае ейны сын Стывен ва ўзросце 30-ці гадоў. А праз пяць гадоў, у 1973 годзе, ад працяглай хваробы і муж Шэміа. Туга па радзіме, цяжар эміграцыі, бязрадасная доля на чужыне ціснулі на яе да самай смерці. Новага дому яна так нідзе і не знайшла, “радзімай абраўшы любоў”. Сама паэтка спачыла ў 1976 годзе ў Цюрыху.
Раней на беларускую мову асобныя творы перакладаў Уладзімір Папковіч.