Вершы пра Бучу ўганараваныя Прэміяй Арсенневай

На цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў, што прайшла ў Варшаве 24 траўня, журы прэміі імя Наталлі Арсенневай пераможцам абвясціла Сяргея Прылуцкага за кнігу паэзіі “Нічога нястрашнага”.

Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі цяпер жыве ў Бучы пад Кіевам. У зборнік “Нічога нястрашнага” ўвайшлі вершы, большасць з якіх была напісаная пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Кніга выйшла ў выдавецтве hochroth Minsk.

У 2022 годзе Сяргей здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 году, калі ў мястэчку аднавіўся транспарт, паявіліся вада і ацяпленне. Праз кватэру Прылуцкіх пайшлі расейцы, некаторыя рэчы былі скрадзены. Больш пра кнігу можна пачытаць тут.

У кароткім спісе апрача Сяргея Прылуцкага былі Андрэй Хадановіч з кнігай “Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры” і Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна)

Сёлета ў журы – пяцёра майстроў, якія вызначаалі галоўную інтрыгу прэміі, выбіраючы кароткі спіс і пераможцу з доўгага спісу, які быў абвешчаны раней. Сярод публічных сябраў журы – асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса “Taŭbin”,  лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.