Беларускія акторы Ігар Сігоў, Святлана Зелянкоўская, Аляксандр Ждановіч, рэжысёр Уладзімір Ушакоў і драматург Дзіяна Балыка анансавалі новы сумесны тэатральны праект у Варшаве — стварэнне прытчы-казкі для дарослых паводле апавядання “Ордэн белай мышы” Уладзіміра Арлова.
Да каманды, якая распачынае працу над пастаноўкай, таксама далучыліся Раман Арлоў (кампазітар) і Аляксандр Образаў (прадусар).
“Мы працуем і разважаем на тэму мастака і ўлады ў сучасным грамадстве, спрабуем зразумець чаму хтосьці з творцаў гатовы працаваць на ўладу, а хтосьці адстойвае свае прынцыпы. Кожны з нас можа зрабіць свой выбар па гонары і сумленні. Гэта пастаноўка — актуальная размова пра час і пра сябе, як мы жывем сёння і што нас чакае ў будучыні. Жанр казкі выбраны не выпадкова, таму што размаўляючы на сур’ёзныя тэмы заўсёды знойдзецца месца для гумару, жарту і лёгкага ўспрымання нашых дзён”, — тлумачаць ініцыятары праекту і просяць падтрымкі.
З анатацыі да твору Уладзіміра Арлова “Ордэн белай мышы”:
“У адной невялікай краіне насельніцтва складалася з аднаго караля, аднаго прэм’ер-міністра, аднаго генерала, аднаго прафесара, аднаго студэнта, аднаго пісьменніка. Усіх было па адным, і дзякуючы гэтаму краіна жыла заможна і спакойна. Але аднойчы спакой быў парушаны: каралеўскі ювелір вырабіў адзіны ордэн, а значыць, павінен быў з’явіцца і адзіны яго кавалер…”
Галоўнае фота: крыніца