Беларускае выдавецтва “Скарына” з Лонданскай прапіскай выпускае дзве новыя кнігі: “Мінскі дзённік” Юлі Цімафеевай і “Рэспубліку глухіх” амерыканскага паэта Іллі Камінскага.
“Рэспубліка глухіх” Іллі Камінскага — вытанчаная вершаваная прыпавесць пра гвалт, маўчанне, адказнасць і змаганне, пра якую пісалі найбуйнешыя літаратурныя газеты і часопісы. Беларускі пераклад зроблены паэткамі Юляй Цімафеевай і Вальжынай Морт.
Як расказвае сайт выдавецтва, дзеянне “Рэспублікі глухіх” разгортваецца ў перыяд палітычнай смуты на адной акупаванай тэрыторыі. Хаця месца і час дакладна не вызначаны, здаецца, што ў тых жудасных падзеях мы пазнаём сваю эпоху і сваю краіну.
Ашаламляльная вершаваная прыпавесць, якая па форме нагадвае драматычны твор, адкрываецца сцэнай забойства акупантамі глухога хлопчыка Пеці. Стрэл, які падштурхоўвае жыхароў да пратэсту, — апошні пачуты імі гук. Горад глухне, і ў гэтай цішы мова жэстаў робіцца мовай іх маўклівага супраціву.
“Мінскі дзённік” Юлі Цімафеевай, ад пачатку створаны па-ангельску, апісвае падзеі ў Мінску напярэдадні, падчас і пасля выбараў 2020-га года. Гэта сведчанне ад першай асобы, у якім інтымная штодзённасць адной пісьменніцкай сям’і знітоўваецца з калектыўным досведам пратэсту. Прыватны дакумент эпохі, агучаны эмацыйным голасам аўтаркі, вяртае чытача ў вір жыцця паўсталага гораду, у дні трывогі, салідарнасці і балючай надзеі.
“Мінскі дзённік” друкаваўся на шведскай, нямецкай, нідэрландскай і літоўскай, у скарочаным выглядзе выйшаў па-ангельску і па-нарвежску. І вось цяпер Мінск 2020 вяртае сабе беларускую мову праз пераклад самой аўтаркі.