У Празе пакажуць асабістыя рэчы і рукапісы Быкава

19 чэрвеня ў Славянскай бібліятэцы у Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі адкрыецца выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава. У эскпазіцыі можна будзе пабачыць рэчы з пражскай кватэры беларускага пісьменніка, ягоныя рукапісы, кнігі і фотаздымкі. Выстава ладзіцца сумесна з Асветніцкім таварыствам “Скарына”.

Сярод іншага, экспанатамі з уласнай калекцыі падзяліўся для праекту беларускі журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

фота Сяргея Навумчыка

Тэлефон мой, але нейкі час Васіль Уладзіміравіч ім карыстаўся. Рукапіс нашага з ім інтэрв’ю для ЛіМу ў 1990-м, тэкст выступу на III з’ездзе БНФ з ягонымі праўкамі, іншыя дакументы. А таксама — «Мёртвым не баліць» (Мюнхен, 1965), і быкаўскія выданні «Радыё Свабода»“,  расказвае пра экспанаты Сяргей Навумчык.

Як гаворыцца ў абвестцы на сайце бібліятэкі, Васіль Быкаў (19.06.1924 – 22.06.2003) быў і застаецца адным з самых значных і чытаных беларускіх пісьменнікаў як на радзіме, так і за мяжой. Паводле ягоных твораў ствараліся фільмы, спектаклі і нават балет. Большасць ягоных раманаў перакладзена на чэшскую мову. Як праціўнік дзейных уладаў, апошнія гады жыцця ён правёў пераважна за межамі Беларусі. Па запрашэнні Вацлава Гаўла ён у тым ліку правёў некалькі месяцаў у Празе.

Выставу можна будзе наведаць да 31 жніўня 2024 года.
Месца правядзення: Славянская бібліятэка ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі (Mariánské nám. 190/5). Для чытачоў бібліятэкі ўваход вольны.