У Чэхіі песні на тэксты беларускіх паэтаў загучалі з аркестрам

28-га сакавіка выйшаў новы альбом гурта RAZAM і спявачкі Івы Марэшавай (Iva Marešová) “Na dně mojí duše” (“На дне маёй душы”), запісаны разам з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэц Краловэ. У гурце грае беларускі баяніст і кампазітар Аляксандр Ясінскі.

Кружэлка адметная тым, што ў ёй сярод іншага гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў — Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі (Baisan). Знайшлося там і месца для беларускай народнай песні “А ў заенькі”, піша “Будзьма”.

Праект “Na dně mojí duše” яднае world music, джаз і класічную музыку. Гэта глыбокае мастацкае і асабістае выказванне, насычанае сэнсамі, сімваламі і дэталямі. 

Разам з запісам выходзіць і кліп на загалоўную песню Na dně mojí duše, які перадае тэмы праўды, унутранага позірку і смеласці сустрэцца сам-насам з сабой. Рэжысёрам кліпа стаў Давід Корцына (David Korcina).

Тэкст песні, якая гучыць па-беларуску, напісаў паэт Алесь Плотка (Baisan). Музыку стварылі Іва Марэшова разам з Аляксандрам Ясінскім і Радкам Долэжалам. Алесь Ясінскі, які таксама з’яўляецца аўтарам аркестровай аранжыроўкі, паходзіць з Баранавічаў і з 2011 году жыве і працуе ў Чэхіі.

“Калі мы заглядаем на дно сваёй душы і знаходзім у сабе сілы ўбачыць усё так, як ёсць — без упрыгожванняў і без празмернай дэманізыцыі, нам застаецца толькі праўда, — кажа Іва Марэшова— дно душы — для мяне гэта зыходны пункт, нуль, месца, з якога ўсё нараджаецца і з якога мы можам крочыць у любым кірунку“.

Новы альбом музыкі прэзентуюць 6 красавіка ў 19:30 у Празе, Divadlo na Vinohradech. Спецыяльнымі гасцямі вечара стануць вядомы чэшскі актор Марэк Ламбора і фантастычны пяініст Ондржэй Кабрна. Спасылка на квіткі.

Алесь Ясінскі прывязе плыту ў Польшчу і ў Літву, дзе выступіць з канцэртамі:

22/4 Przeswit, Варшава 
23/4 Bialystok Music Club, Беласток
25/4 Create Culture Space, Вільня
26/4 Беларускі дом, Вільня