А мы зноў робім агляд літаратурных публікацый тыдня: на гэты раз аглядаем тэксты крытыкі і прозы, якія з’явіліся ў адкрытым доступе.
Здольнасць смяяцца — адна з базавых рысаў чалавека. А выкарыстаць права на смех — святы абавязак блазнаў ды разумнікаў. Гумар робіцца чорным, калі застаецца апошнім патронам у абойме твайго розуму. І працуе адпаведна — як зброя ці лекі. Аналітычны спецназ Litradio разбірае айчынную сатыру як жанр, форму і творчую оптыку.
На пачатку лістапада былі абвешчаны пераможцы літаратурнага конкурса, прысвечанага стагоддзю “Маладняка” — літаратурнага згуртавання беларускага міжваеннага часу, амбітнага праекта літаратурнай моладзі тых дваццатых, забітага бязлітасным наступам савецкай русіфікацыі. Блогерка Вера Бейка распавядае пра паэму аднаго з пераможцаў — Яўгена Кунцэвіча на сайце Taubin.
“Чытаць ці не чытаць? Пра “цяжкую” літаратуру ў нялёгкія часы”: тэкст тыдня ад Васіля Аўраменкі на сайце часопіса “Дзеяслоў”: “З таго празаічнага, што патрапіла да мяне за апошнія паўгода, неяк вылучыліся тры творы, якія сталі ў пэўную лінію: “Іншы свет” Густава Герлінг-Грудзіньскага (2006 г., пераклад з польскай Святланы Курс), “Забыты край” Сяргея Лебедзева (“Дзеяслоў” №№ 119-120, пераклад з расейскай Барыса Пятровіча) і “Выжыць у СССР” Міхася Булавацкага (2023 г., электроннае выданне). Яднае іх агульная тэма – “адваротны” бок жыцця краіны Саветаў у 30-40 гады”.
«Мы коламі бегаем па школьнай спартыўнай зале»: апавяданне Лізы В. пра (не)магчымасць кахання. Новая публікацыя прозы надарылася на тыдні і ў моладзевым часопісе Uzhmedia: “Ведаеш, у паралельным сусвеце, дзе бяздомныя сабакі маюць пяшчотных гаспадароў, дзе крышачкі банак смятаны ніколі не прарываюцца пасярэдзіне, дзе ў сакавітых яблыкаў няма слізкіх костак, дзе налеплены на сцяну фотаздымак ніколі не злятае ноччу на падлогу, дзе я сустракаю свайго бацьку, калі ён яшчэ дзіцёнак, і мякка глажу яго па галаве, дзе слёзы ніколі не закатваюцца ў вуха, калі ляжыш на баку, — у нейкім такім сусвеце мы з усіх шматлікіх бясконцасцяў і варыяцый «нас» абіраем самую простую.”.
Калі мы пра кагосьці забылі, пішыце нам на bellit.info@gmail.com!