1 снежня ў межах Кірмаша гістарычнай кнігі ў Варшаве былі абвешчаныя пераможцы адразу некалькіх літаратурных прэміі: прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, якая выдаецца літаратарам за першую кнігу, і прэміі імя Карласа Шэрмана, якая выдаецца за найлепшыя пераклады.
Прэмію “Дэбют” за 2020 і 2021 гады ў галіне прозы атрымала Таццяна Карытка за кнігу “Чаму ўсё так?” (Кнігазбор, 2020). Журы адзначыла гэты дэбютны твор “за нетрывіяльную спробу стварэння сацыяльна-псіхалагічнага дэтэктыва“.
У намінацыі “Мастацкі пераклад” пераможцам стаў Яўген Папакуль з перакладам са старажытнаісландскай мовы «Эды Сноры Стурлусана» (Галіяфы, 2021). Журы вылучыла працу перакладчыка “за далучэнне беларускіх чытачоў да скандынаўскай мудрасці”.
![](http://bellit.info/wp-content/uploads/2023/12/premii_2023_na-abvjashchennje-1024x576.jpg)
Таксама былі агучаныя вынікі прэміі для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана асобна за 2021 і за 2022 гады. Журы абірала найлепшы з кароткіх спісаў, з якімі можна азнаёміцца тут.
За 2021 год
У намінацыі “Пераклад паэзіі” лаўрэатам стаў Яўген Папакуль з кнігай «Эда. Песні пра герояў» (Тэхналогія, 2021) “за дзёрзкае пераўвасабленне фундаментальнага твору сусветнай класікі”.
У намінацыі “Пераклад прозы” найлепшым быў названы Сяргей Шупа з перакладам з гішпанскай “Восені патрыярха” Габрыеля Гарсіі Маркеса (Янушкевіч, 2021). Журы адзначыла “бліскучую эквівалентнасць і набліжанасць да аўтарскай задумы”.
І ў намінацыі “Пераклад дзіцячай кнігі” перамог Сяргей Матырка, які пераклаў кнігу Отфрыда Пройслера “Крабат. Легенда Чорнага млына” (Янушкевіч, 2021). Менавіта “глыбокае прачытанне складанай казкі і майстэрскае захаванне міфалагічных элементаў” зрабіла перакладчыка лаўрэатам.
![](http://bellit.info/wp-content/uploads/2023/12/premii_2023_na-abvjashchennje-1024x576.png)
За 2022 год
У галіне паэзіі “за віртуозны падыход да старадаўняй інтымна-рэлігійнай тэматыкі” лаўрэатцтва здабыў Сяргей Шупа з перакладам са старажытнагабрэйскай мовы «Песьні песьняў» (Vesna Books, Прага, 2022).
У празаічнай намінацыі “за дасканаласць перадачы мовы надзвычай актуальнага шматпланавага польскага бестселера” прэмію атрымаў Мікола Раманоўскі, які пераклаў раман Шчэпана Твардаха «Кароль» (Янушкевіч, Варшава, 2022).
І спецпрызам “за смелы перакладчыцкі дэбют” быў адзначаны Андрэй Строцаў за перастварэнне твору класіка англійскага фэнтэзі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян». (Пазітыў-цэнтр, 2022).
![](http://bellit.info/wp-content/uploads/2023/12/premii_2023_na-abvjashchennje2-1024x576.png)