Сяргей Дубавец разбірае алегорыі Альгерда Бахарэвіча

Сяргей Дубавец у спецыяльным падкасце “Літаратурныя зацемкі” разглядае кнігу Альгерда Бахарэвіча “Плошча Перамогі” (Vesna Books, 2023). Аўтар падкасту прачытаў твор пра праўду і хлусню як раман пра наш час, адлюстраваны ў алегорыях.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Кніжка, якая выйшла з друку ў 2023 годзе, мае падзагаловак “Добрыя навіны для добрых людзей”. Але кожны разумее, што добрых навінаў у гэтым часе папросту не бывае для добрых людзей. Таму гэтыя словы, калі ведаеш аўтара, успрымаюцца як дражнілка ці як сарказм, ці як зьдзек. А заадно і “Плошча Перамогі”. Перамогі чыёй і над кім? Хто ў нас такі шчасьлівы пераможца? Можа падацца, што добрыя навіны ў нашым часе бываюць толькі для дрэнных людзей. Тых, якія сілай захапілі і незаконна ўтрымліваюць уладу ў краіне. Але гэта ўсяго толькі ілюзія, у палоне якой такія людзі жывуць сваё жыцьцё.

І галоўны герой раману Лёкса Шпуль, які ад пачатку выдае сябе фальшывым шчасьліўчыкам, насамрэч — алегорыя іншага Лёксы і ўсёй ягонай наварочанасьці за гэтыя трыццаць гадоў. Гэта ён бязьлітасны да мясцовых людзей, ён запабягае перад Кітаем, ён непазьбежна вядзе свой край да краху — праз, вядомая рэч, хлусьню. У ягонай радасьці жыве зло:

“Палясоўшчык і ягоная жонка змрочна глядзелі, як Лёкса спрабуе ўсьміхнуцца. Вусны ня слухаліся, але ён усё ж расьцягнуў іх, і яны забалелі. Ніхто не адказаў яму ўсьмешкай”.

Але нічога гэтага ў рамане няма. Гэта толькі мая алегорыя таго, пасярод чаго мы ўсе жывем і што ўсе разам адчуваем у гэтым заблытаным часе і ў гэтай атмасфэры бясконца трагічных навінаў і такіх самых чалавечых лёсаў.

Да таго ж, гэта толькі пачатак кнігі і мы яшчэ ня ведаем, што наш герой акажацца фальшывым ды нялюдзкім і адзінае, што ім рухае па сапраўднаму — гэта страх. Бо ён схлусіў, падмануў усіх. І цяпер сам часам ня можа пазнаць сябе…

Інтрыга казачнага раману або авантурнай прыпавесьці Альгерда Бахарэвіча і простая, і складаная. Галоўны герой каралеўскі вястун салдат Лёкса Шпуль вяртаецца ў горад з прайгранае бітвы, каб паведаміць усім, што адбылася… найвялікшая перамога. Кароль гэтага каралеўства з рэштай войска і морам замарожаных у лёдзе, як рыбы, палеглых ваякаў прыедзе ў горад праз тыдзень і за гэты час Лёксу трэба неяк выкруціцца з сытуацыі, калі стане вядома, што адбылося насамрэч. Вестка пра страшную паразу пагражала Лёксу сьмерцю на шыбеніцы, а так ён — усебакова абдораны ўладай герой. Вось толькі гэта самы пачатак праблемы.

Аўтар зь лёгкасьцю стылізуе падзеі ды экстэр’еры пад нейкае ўмоўнае сярэднявечча. Ні часу, ні месца на зямлі, дзе ўсё адбываецца, мы ня ведаем і не даведаемся. Каралеўскі вястун Шпуль ідзе да дому сваёй маці:

“Вось і ён, Стары Раўчук. Доўгая чарада шчыльна прыціснутых адзін да аднаго дамоў, у вокнах ні агеньчыка. Селядцовы смурод — і пах дражджэй зь Пякарскай вуліцы. Брук, які канчаецца за паваротам. Сабачы брэх з двароў, у якім таксама чуецца: «Перамога! Слава каралю!» (так цяпер крычаць на цэнтральнай плошчы, дзе сьвяткаваць сабраўся ўвесь горад.) Нізка павісла над вуліцай бляшаная каўбаса, аб якую можна стукнуцца галавой, калі не нахіліцца. Далёкі прыглушаны шум плошчы. Драўляная шыльда «Швачка Шпуль»… Лёкса прыўзьняў знаёмы камень пад акном, дастаў ключ”.

Бахарэвічава асалода ад пісаньня і прыдумляньня літаральна нясе яго па старонках — гэта, мабыць, самая галоўная перавага ягонае прозы, тое, што перадаецца і чытачу, які адчувае, што чытаньне мае сэнс.

Тым часам галоўны герой адчувае асалоду ад свайго новага становішча — таго, хто схлусіў:

“Яму падабалася быць Лёксам Шпулем.

Менавіта цяпер звацца Лёксам Шпулем і жыць у ягонай скуры было так радасна, так прыемна і так выгодна, што ён бы ня стаў ні з кім мяняцца ні сваім імем, ні тварам, ні домам. Хоць яшчэ зусім нядаўна ён шмат аддаў бы, каб выйграць у лёсу нешта больш прыстойнае і прыгожае. Але яму не давялося ні з кім мяняцца. Ён быў, як і раней, Лёкса Шпуль — і ўсё ж гэты Лёкса пагардліва адварочваўся ад таго, ранейшага, і не зьбіраўся прызнаваць у ім свайго”.

Штосьці пачынае перамяняцца ў галоўным героі. Ён ужо ня тая адзінка, як кажуць расейцы ва Ўкраіне, мяснога штурму, а падвышаны да каралеўскага афіцэра, фактычна, эліта грамадзтва. Хоць яго і непрыемна кранае думка пра тое, што іншыя каралеўскія афіцэры, якіх не было ў бітве, зь якой ён быў пасланы вестуном, пакінутыя ў горадзе ў спакоі ды сытасьці, яны ад пачатку ніколі ня нюхалі пораху, ня зьнішчылі ніводнага ворага, тады як усе астатнія — палеглі на полі бою. Але пра гэта ніхто ня ведае.

Тым часам інтрыга пра паразу, названую перамогай, працягваецца. Каралеўскі гісторык тлумачыць Лёксу, якім чынам могуць мяняцца месцамі параза і перамога. Лёксу паслалі сюды, каб ён расказаў сваю гісторыю:

“Ёсьць вялікая гісторыя, салдат. Гісторыя каралёў і палкаводцаў. Гісторыя інтрыг і дыпляматыі. Гісторыя бітваў і дамоваў! А ёсьць малая гісторыя… Гісторыя маленькіх людзей, якія не выбіраюць для сябе, у якой вялікай гісторыі яны хацелі б жыць. Гісторыя такіх, як ты… Добры гісторык піша абедзьве гісторыі, вялікую і малую. Вялікая гісторыя трапіць у вялікія кнігі, якія зоймуць сваё месца ў каралеўскай бібліятэцы. А малая гісторыя трапіць у малыя кнігі, якія ніхто цяпер чытаць ня будзе… Каму ёсьць справа да маленькіх людзей? Каму цікавыя такія, як ты?… Парушынка. Ты ніхто. Маленькія кнігі пра маленькіх людзей будуць прачытаныя ў будучыні. Дзеля яе я і пішу… Некалі гэтая гісторыя зробіцца вялікай. А вялікая гісторыя малой. Але ты занадта цёмны і просты, каб спасьцігнуць такія ісьціны…”

“Значыць, вам не цікава?” — запытаўся Шпуль.

“Асабіста мне — не, — крыва пасьміхнуўся гісторык. — Якая мне розьніца, што там думае пра сябе нейкі Шпуль, пра якога ніхто нічога ня ведае і пра якога ўсе забудуць? Ты — проста Добрая Вестка, якую прынесла нам гісторыя. Ужо ж ня думаеш ты, Шпуль, што ад цябе нешта залежала? Што ты герой? Што ты неяк паўплываў на вялікую гісторыю?”

Я ўжо не магу аддзяліць алегарычны вобраз ад таго, каго сам уявіў сабе прататыпам. Ён проста як вымаляваны пачынае дзейнічаць у рамане. Дапускаю, што гэта маё вольнае абыходжаньне, але тым ня менш. Як жа я не паўплываў на вялікую гісторыю, калі схлусіў пра самае галоўнае, а мне ўсе паверылі?

Сапраўды, некалі, за савецкім часам пісалася вялікая гісторыя камунізму. Нават навуковыя працы пра аўтэнтычны фальклёр пачыналіся цытатамі клясыкаў марксізму-ленінізму, хоць і разумелі, што гэта чысты аксюмаран. Але віду не падавалі.

Ты мог ня верыць у камунізм, але публічна павінен быў верыць, інакш чакала бяда. Выходзілі аграмадныя шматтомнікі Леніна, і ня толькі ў арыгінале, па-расейску, але і ў перакладах на беларускую, літоўскую ды шмат іншых моваў. Паўсюль былі разьвешаныя плякаты: “Народ і партыя адзіныя!” Гэта відавочна была ня праўда, але людзі жылі ў гэтым.

Цэлыя пакаленьні працавалі і гадавалі дзяцей, паміралі пад гэтымі лёзунгамі. Большасьць верыла, што гэта не ілюзія, а сапраўднае жыцьцё. Аднак раптам усеахопны камунізм кудысьці сышоў, разам зь Леніным і тымі лёзунгамі. Але маленькая гісторыя не замяніла вялікую, не пасьпела ці не змагла. І камунізм не вярнуўся. Вярнулася ілюзія. Толькі замест сьветлае будучыні яна заклікала больш працаваць і ня думаць пра сваё прыгнечанае становішча, бо гэта зноў стала небясьпечна. Усіх, хто сумняваўся ў гэтай ілюзорнасьці, назвалі экстрэмістамі, хоць ніхто ня мог растлумачыць значэньне гэтага слова. Затое названым экстрэмістамі даводзілася сесьці ў турму або ўцячы за мяжу.

Гэта, паўтараю, плён майго ўяўленьня, бо нічога гэтага ў рамане няма, але пра што іншае мог думаць аўтар у сёньняшнія часы, ствараючы сваю алегорыю — не ўяўляю.

Такім чынам, разьвязка няўхільна набліжаецца. Лёкса разумее, што яна будзе страшнай, ён і жыве гэтым страхам, але часткай сьвядомасьці чапляецца за сваё цяперашняе прывілеяванае становішча. Усё зблытваецца ў ягонай галаве і ён пытаецца:

“Няўжо тое, што зь ім адбываецца — праўда?
Што ёсьць праўдай?”

Між тым, калі ён, як каралеўскі вястун, прыбег у палац, усе пыталіся ў яго пра вынікі бітвы: Дык мы іх, ці яны нас? І ён сказаў: мы іх, хоць ведаў, што насамрэч: яны нас. І тое была праўда.

Адкуль узялася ідэя сказаць не пра паразу, а пра перамогу? Рэч у тым, што пакуль Лёкса быў на вайне, намесьнік, які выконваў абавязкі караля, прыняў закон, які вымагае вестуна, што прынясе вестку пра паразу, зараз жа павесіць, бо ён сам і ёсьць — дрэнная вестка. Дрэнную вестку трэба было павесіць.

Але вястун Лёкса пра новы закон, натуральна, ня ведаў. І ніхто з тых, хто сустрэўся яму па дарозе, яго не папярэдзіў. Вось калі ўсплывае думка пра добрых людзей у падзагалоўку рамана.

“Добрыя людзі маўчалі, асудзіўшы яго на сьмерць. Добрыя людзі… Цэлае каралеўства добрых людзей”.

Тым часам сам Шпуль пачынае ставіцца да людзей не па-людзку, пераходзіць звычайныя чырвоныя лініі, і галоўная інтрыга патроху згасае. Калі яшчэ можна было ў нечым спачуваць галоўнаму герою і чакаць разьвязкі, дык хто ж паспачувае хлусу і забойцу? Дылема Шпуля паварочваецца ў цёмны бок і ўжо ня так важна, як ён, разам з аўтарам, выберацца са сваёй складанай сытуацыі. Шпуль робіць незваротныя крокі.

“Хто ведаў праўду? Што такое праўда? Хто можа сказаць, што ведае праўду? Няма ніякай праўды, ёсьць толькі інфармацыя — і яна вызначае, што праўда, а што не”.

Па аналёгіі з нашым жыцьцём, гэтая інфармацыя ў выніку і ёсьць ілюзія, і насамрэч праўда вызначае, якая інфармацыя праўдзівая, а якая не, а зусім не наадварот. Пра гэта ў кнізе згадвае кароль, які ўспамінае словы свайго намесьніка-рэгента:

“Рэгент — вельмі разумны і шчодры чалавек, хоць і дзіўнаваты, апошнім часам яго апанавалі нейкія вычварэнскія ідэі, перад паходам ён днямі і начамі расказваў пра нейкія свае пражэкты… Нейкую, як ён кажа, інфармацыю… Што гэта такое, адзін бог ведае. Інфармацыя… Бязглуздае слова. Ёсьць толькі праўда… Суворая праўда. А праўда ў тым, што ўсе загінуць…”

Дзіўна чытаць гэтыя словы, тое, што ты даўно ведаеш, і тое, чаго ня ведалі цэлыя пакаленьні, для якіх галоўная газэта называлася “Правда” і цяпер называецца “Мінская правда”, а жывуць пры тым людзі ў ілюзіі, не спазнаючы рэальнага жыцьця, якое для цябе перад усім. Калі інфармацыя або прапаганда заступае табе сьвятло. На добры лад, кніжка “Плошча Перамогі” мусіць дапамагчы заблукалым выбрацца на дарогу.

Пачаўшы зь як бы клясычнай казкі пра хлусьню і праўду, аўтар зьвёў усе падзеі да фантасмагорыі, дзе і патанула галоўная інтрыга. Дакладней, зрабіў гэта галоўны герой Лёкса. Ён зрабіў так, каб праўда проста не ўсплыла. А для гэтага, нікуды ня дзенесься, трэба, каб папросту зьнікла ўсё — і людзі, і падзеі, каб усе сядзелі ў турмах або ўцякалі за мяжу. Трэба, каб наступіў крах. І тады ніхто пра гэта ня будзе думаць, вялікая гісторыя пераменіцца ў малую.

У тую, дзе будзе Вераніка. Гэта яна расказала Лёксу, што яго за навіну пра паразу чакае пятля, гэта яна вучыць яго, як даносіць уладам пра перамогу, яна яго кахае. Будуць там і гісторыі іншых людзей, якія паверылі Лёксу і даверыліся яму, а ўрэшце, ён усялякімі спосабамі пазбавіўся ад іх. Ці прынесла гэта яму шчасьце? Сумняваюся.

Такім чынам, я прачытаў раман пра наш час, адлюстраваны ў алегорыях. Асаблівы дзякуй аўтару за клясычны правапіс — яшчэ адну праўду нашай беларускай мовы, а не яе ілюзію.