У Кракаўскім выдавецтве Gutenberg publisher выйшла з друку кніга Вала Клемэнта “Круглая Square”, назва якой адсылае да старой назвы менскай Плошчы Перамогі. Гэта іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў піша пра раман Вала Клемента: “Гэты раман — нязменна дасціпны, вельмі асацыятыўны, з элементамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам
цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсць найлепшым сродкам самаабароны, — не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!“
Вал Клемэнт — псэўданім Васіля Еўдакімава, які нарадзіўся ў 1957 годзе ў Менску ў сям’і выкладчыкаў ВНУ. Пасля сканчэння школы паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, калгаснае права ды іншыя карысныя навукі.
Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, па размеркаваньні трапіў на працу ў менскую пракуратуру, адкуль праз нейкі час сышоў. Пазней абараніў дысертацыю на званне кандыдата юрыдычных навук і ўладкаваўся выкладчыкам на родны юрфак. У 1990 годзе быў запрошаны на працу ў адну з вядучых юрыдычных фірмаў Вялікай Брытаніі ды пераехаў у Англію, што дало яму магчымасць набыць досвед заходняй юрыдычнай практыкі, вывучыць беларускую мову і паглядзець іншы, незнаёмы свет. Жыве ў Лондане.