Ноч расстралянай прозы: Платон Галавач

Блогер Кніжны Хома вырашыў разабрацца ў лёсе і творчасці пісьменніка дваццатых гадоў 20 стагоддзя Платона Галавача, які быў расстраляны ў чорную ноч беларускай літаратуры з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Платон Раманавіч Галавач нарадзіўся 18.04.1903 г. у вёсцы Пабокавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер гэта Магілёўская вобласць) у сялянскай сям’і. “Маці не памятаю”, напіша будучы пісьменнік у аўтабіяграфіі. Яна памерла, калі яму было ўсяго паўтара года.

Малады Платон Галавач. Крыніца: nlb.by

Сям’я з пяццю дзецьмі жыла ў пастаяннай нястачы, таму ў сямігадовым узросце Платон ужо дапамагаў па гаспадарцы і пасвіў вясковы статак. Праз неабходнасць працаваць ён пайшоў вучыцца толькі ў 1913-м і да рэвалюцыі паспеў скончыць двухкласную школу. “Вучыцца па-сапраўднаму не было магчымасці, і ўсе мае агульнаадукацыйныя “універсітэты” Гарбацэвіцкая царкоўнапрыходская школа”, пісаў Галавач. Аднак варта адзначыць, што ў гэты час юнак пачаў актыўна чытаць. Літататуру, у тым ліку нелегальную, прыносіў дамоў старэйшы брат Андрэй камуніст-падпольшчык, ён быў для малодшых узорам мужнасці і бясспрэчным аўтарытэтам.

Радзіма Платона Галавача. Крыніца: 1387.by

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Платон пайшоў у школу першай ступені, дзе ўдзельнічаў у літаратурным гуртку, паступіў у камсамол і нават арганізаваў у роднай вёсцы ячэйку, якая займалася ліквідацыяй непісьменнасці сярод дарослых, арганізавала клуб і хату-чытальню.

Грамадская актыўнасць стала чыннікам, які істотна паўплываў на ўсё далейшае жыццё Галавача. Яшчэ ў школьныя гады ён пачаў пісаць невялікія замалёўкі пра дзейнасць камсамола і дасылаў іх у бабруйскую газету “Камуніст” (у некаторых крыніцах сустракаецца назва “Юны камуніст” на думку даследчыка Эмануіла Іофэ, гэта памылка).  Так яго і заўважыла Вера Харужая, якая працавала радактаркай выдання і загадчыцай палітаддзела ў павятовым камітэце камсамола. З гэтага моманту кар’ера Платона панеслася імкліва: у 1922 годзе ён паехаў на вучобу ў Менскую камсамольскую школу, пасля якой працаваў інтсруктарам павятовага камітэта ў Барысаве, а ў 1926 годзе скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі (нешта накшталт вышэйшай партыйнай школы) і атрымаў пасаду ў ЦК ЛКСМБ, дзе быў загадчыкам аргаддзела, а потым і першым сакратаром. Адначасова працаваў і адказным рэдактарам газеты “Чырвоная змена”.

Сучаснікі апісвалі маладога Галавача як рослага, харызматычнага, гожага чалавека з бялявай чупрынай. “Не любіць яго было немагчыма”, успамінаў пісьменнік Павел Пруднікаў. А яшчэ дадаваў, што Платон часта хадзіў “у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпярэзанай тонкім паясам з кутасамі”. Магчыма, менавіта ў гэтай кашулі ён сфатаграфаваўся са сваёй жонкай, Нінай Вечар (стрыечнай сястрой беларускага паэта і навукоўца Алеся Вечара).

Платон Раманавіч і Ніна Фёдараўна, 1928 год. Крыніца: be.wikipedia.org

Адзінага меркавання наконт таго, калі канкрэтна пачалася літаратурная дзейнасць Галавача, дагэтуль няма: камсамольскія публікацыі ў тым самым “Камунісце”, датаваныя 1920-м годам, не выяўлены. Больш актыўна пісьменнік стаў друкавацца праз тры гады, калі ў газетах “Юный пахарь” і “Красная смена” выходзілі нататкі аналагічнай тэматыкі на рускай мове. Першае апавяданне, “Загубленае жыццё”, пабачыла свет у 1925 годзе, а ў 1927-м выйшаў і дэбютны зборнік “Дробязі жыцця”. Максім Гарэцкі ў сваім водгуку адзначыў, што творы Галавача “з задавальненнем і карысцю прачытае самы масавы чытач“. 

Платон Галавач. Дэбютны зборнік “Дробязі жыцця”.

Тым часам працягвалася хуткае прасоўванне па кар’ернай лесвіцы: Галавач быў адным з лідараў літаб’яднання “Маладняк”, рэдактарам часопісаў “Маладняк” і “Полымя”, генеральным сакратаром створанай у 1928 годзе Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і нават намеснікам старшыні наркама асветы БССР.

У 1929 быў абвешчаны курс на суцэльную калектывізацыю. Каб усхваляць гэты працэс, партыя накіроўвала ў паездкі пісьменнікаў, якія мусілі пісаць захопленыя оды пра пераход да новага жыцця. Адным з іх быў і Платон Галавач, які ў 1930-м выдаў сваю класічную аповесць “Спалох на загонах”. Паводле задумы аўтара, яна павінна была паказаць “немінучую перамогу калгаснага ладу”. Аднак нешта пайшло не так…

Вокладка кнігі “Спалох на загонах” 1932

Унікальнасць кнігі ў тым, што Галавач адным з першых адлюстраваў непрыняцце сялянамі калгаснага ладу. Як казаў сам пісьменнік, мэтай было праўдзіва паказаць усе цяжкасці працэсу калектывізацыі. Атрымалася смела і нават дзёрзка: нават пры павярхоўным чытанні можна адшукаць у кнізе нямала момантаў, якія пярэчаць афіцыйнай лініі. Селянін Тарэнта, напрыклад, паверыў у праўды рэвалюцыі, атрымаў зямлю, шчодра паліў яе потам, а цяпер шчыра не разумее, чаму трэба аддаць яе ў агульнае карыстанне. Ёсць і іншыя моманты, якія даволі выразна паказваюць недавер людзей да перабудовы вёскі, іх адчай і нават варожы настрой. Чытаючы, аўтар гэтых радкоў нават здзіўляўся: як цэнзура прапусціла такі тэкст на пачатку 30-х, калі ўжо яўна пахла смажаным?

Разам з тым, аповесць утрымлівае і неадольную супярэчнасць. Палову кнігі Галавач даволі шчыра і падрабязна даводзіць, чаму людзі не імкнуліся да новага жыцця, аднак у пэўны момант усе без сумненняў не толькі запісваюцца ў калгас, але і на радасцях пяюць “Марсельезу”. Гэта нават не спойлер, бо іншы варыянт развіцця падзей на той час быў немагчымы: пісьменнік і без таго настолькі выйшаў за межы цэнзуры, што ў 1932 годзе прыйшлося перарабляць твор. Афіцыйная прычына нібыта палягала ў тым, што аўтар хацеў больш выразна адлюстраваць “арганізуючую ролю партыі і рабочага класа ў справе калектывізацыі”. А неафіцыйная больш чым відавочная: цэнзары схапіліся за галаву ад прапушчанай крамолы. Тым не меней, нават у другім варыянце многія моманты, у тым ліку канцоўка, могуць здзівіць.

Мікалай Гусеў. Сяброўскі шарж на Платона Галавача, надрукаваны ў газеце “Чырвоная змена”, 1928, № 49

Стварэнне і перастварэнне аповесці супалі з тым часам, калі над літаратарамі (і не толькі) ўсё больш згушчаліся хмары: па сфабрыкаванай справе так званага “Саюза вызвалення Беларусі” было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры, сярод якіх былі і сябры Платона Галавача. А даведзены да адчаю Янка Купала, якога аглабельная крытыка абвясціла “ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму”, не вытрымлівае цкавання і робіць спробу самагубства. Гэта была апошняя кропля, пасля пісьменнік зноў пайшоў супраць мэйнстрыму: у той час, калі большасць імкнулася уступіць у партыю, атрымаўшы хаця б адносныя гарантыі бяспекі, пісьменнік напісаў заяву аб выхадзе з яе шэрагаў.

“Гэтая мая заява, пісаў Галавач, ёсць заява аб маім адыходзе ад партыі. Крок гэты я раблю з вялікай больлю, але не зрабіць яго не магу, бо ў апошнія часы, вось ужо некалькі месяцаў мяне мучыць становішча раздвоенасьці паміж літаратурнай работай і той грамадзкай работай, якуя я павінен несьці як член партыі і якая не дае мне магчымасьці для творчага майго росту як пісьменніка”.

Платон Галавач у 1930-я гады

Вядома, на той час Галавач не мог наўпрост напісаць, што яго заява з’яўляецца вынікам нязгоды з палітыкай рэпрэсій. Аднак яшчэ адна рэмарка, якую ён палічыў неабходным дадаць напрыканцы, даволі яскрава характаразуе Платона Раманавіча як чалавека: “Сёння я яшчэ мог знiшчыць маю заяву, але гэта было-б учынкам нясумленным. У сваiх адносiнах да партыi я зыходзiў заўсёды з таго, каб нiколi i нiчога ад партыi не ўтойваць, пагэтаму я лiчу, што пасля таго, як я напiсаў гэтую заяву, я не магу заставацца ў шэрагах партыi, недастоен гэтага i партыя зусiм правiльна зробiць, калi выключыць мяне са сваiх шэрагаў як нягоднага быць у шэрагах партыi. Але я веру, што, зрабiўшы гэта, партыя дапаможа мне сваёй грамадзкай работай i работай творчай з цягам часу заваяваць права зноў вярнуцца ў яе шэрагi. П.Галавач”.

Эфект ад такой акцыі Галавача быў аглушальны менскія чыноўнікі не ведалі, што рабіць. Хоць у якасці падставы былі пазначаны нібыта творчыя прычыны, але ўсе выразна разумелі, што гэта бунт. Ды яшчэ ад каго? Рэдактар часопіса “Полымя”, сябар ЦК КПБ і ЦВК БССР, генеральны сакратар БелАПП, пісьменнік быў зусім не шэраговым клеркам.

Каб не браць на сябе адказнасць, заяву адправілі ў Маскву, дзе загадалі падрыхтаваць характарыстыку. За справу ўзяліся “крытык з наганам” Лукаш Бэндэ, які асабіста ведаў Галавача з часоў навучання ў Беларускім камуністычным універсітэце, і будучы народны пісьменнік БССР Міхась Лынькоў. На дваіх яны адзначылі, што Платон падаў “антипартийное заявление в ЦК КПБ, которое в условиях классовой борьбы получает значение антисоветского контрреволюционного документа”.

Міхась Лынькоў і Платон Галавач, 1934. Крыніца: bdamlm.by

Пасля такой рэзалюцыі ўпарціцца не выпадала. Выкліканы ў ЦК для паказальнага прачуханца, Галавач мусіў прызнаць пакаяцца, прызнаць памылку і забраць заяву. Праўда, зусім без наступстваў гэтая дыверсія не засталася: у 1932 годзе пісьменніка знялi з пасады рэдактара часопiса “Полымя”. І, вядома, працягвалі за ім сачыць.

У 1934 годзе адбыўся першы з’езд Саюза пісьменнікаў СССР, дзе ў складзе беларускай дэлегацыі (16 чалавек) быў і Галавач. За ўсімі латратарамі ўжо пільна назіраў НКУС, склаўшы характарыстыкі, паводле якіх амаль кожны быў “нацдэмам”. Пра Платона пісалі наступнае: “Головач П.Р., белорус, член КП(б)Б, сын полицейского, в 1934 г. во время чистки исключался из партии за нац[иональный] демократизм. Бывший генеральный секретарь Бел[орусского] АППа. В 1930 году, в связи с арестами по делу “СВБ”, подавал заявление о выходе из партии. Редактировал и пропустил в печать 6-й том нацдемовских произведений Янки Купалы и к[онтр]р[еволюционную] статью Сидоренко в журнале “Беларусь калгасная”. Разам з тым, Галавача прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР, а потым і Саюз пісьменнікаў БССР, дзе ён уваходзіў у камісію па масавай рабоце.

Платон Галавач з 9-месячнай дачкой Галінай. Крыніца: horki.info

У сям’і Галавачоў было двое дзяцей: дачка Галіна і сын Ралан, названы ў гонар нобелеўскага лаўрэата Рамэна Ралана, з якім пісьменнік не толькі сустракаўся, але і вёў актыўнае ліставанне. Негледзячы на цяжкія часы, Галавач актыўна друкуецца, а ягоныя творы актыўна перакладаюцца. Даследчык Эмануіл Іофэ адзначае, што па перакладах на замежныя мовы (расейскую, польскую, украінскую, чэшскую, яўрэйскую) Галавач займаў адно з першых месцаў у тагачаснай беларускай літаратуры. Дый на радзіме яго ведалі і чыталі.

Пераклад аповесці Платона Галавача “Спалох на загонах” на польскую мову (1933)

Характэрна, што пісьменніку належыць у тым ліку нарыс “Ад Мядзвежай гары да Белага мора” (1934), дзе ён пісаў пра вельмі чалавечнае стаўленне работнікаў ГПУ да зняволеных: “На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў… Да іх у лагеры АДПУ аднесліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства … забяспечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць…”. Пазней сярод “злачынцаў” апынецца і сам аўтар: па яго прыйшлі 11 жніўня 1937 года.

Апошні здымак Платона Галавача, зроблены ў жніўні 1937 г. у Копысі. З правага боку – Алесь Вечар, стрыечны брат жонкі. Крыніца: horki.info

Ва ўнутранай турме НКУС лёс звёў Галавача з іншым літаратарам, С. Шушкевічам, які ўспомніў наступны эпізод: Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў… Нарэшце загаварыў: “За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас”. Сказаў і заплакаў…”

28 кастрычніка адбыўся суд, які працягваўся 15 хвілін. Галавач быў асуджаны як глава змовы супраць Сталіна да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Перад тым, як выйсці з камеры, ён пакінуў запіску: “Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа сваю праўду. Платон”. Расстрэл адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка.

Платон Галавач

Нялёгкі лёс чакаў і жонку пісьменніка: арыштаваная 5 лістапада 1937 года, яна была асуджана да васьмі гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапавана ў Карагандзінскі лагер Казахскай СССР. Прадчуваючы арышт, яна папрасіла сваю цётку забраць дзяцей падчас вайны яны былі эвакуяваныя ў Чкалаўскую вобласть.

Па вяртанні ў Беларусь жонка паспрабавала даведацца пра лёс мужа, на што атрымала афіцыйны адказ, нібыта ён памёр у 1944-м ад паралюшу сэрца. Таксама ёй прапанавалі цягам 24 гадзін пакінуць Менск, у сувязі з чым яна спачатку з’ехала да сваякоў у Гомель, а на пенсіі выправілася ў Горкі да дачкі Галіны. Што да Ралана, то ён атрымаў вышэйшую адукацыю і працаваў у Менску на розных інжынерных пасадах. Памёр у 2015 годзе.

Дзе можна пачытаць Платона Галавача? На жаль, папяровыя выданні ёсць хіба што ў бібліятэках ці букіністычных крамах, часам сустракаюцца на анлайн-аўкцыёнах ay.by.

Прыжыццёвыя выданні пісьменніка даступныя ў Wikimedia Commons у добрай якасці, у фармаце PDF, таксама на “Беларускай палічцы” можна знайсці электронныя варыянты некаторых твораў:

“Кнак”

“Уцякач”

“Праз гады”

“Виноватый. Переполох на загонах”

Кніжны Хома, для bellit.info