Напрыканцы мінулага года свет пабачыла дэбютная кніга вершаў Паўла Капанскага “Акрамя”. Паэт і перформер Артур Камароўскі пагутарыў з аўтарам спецыяльна для інтэрнэт часопіса “TAUBIN”. Падаем гэтае інтэрв’ю цалкам.
А. К.: Давай пачнём з такога пытання. Акрамя – чаго альбо каго? што ты пакінуў у мінулым ці прыхаваў на будучыню? ці гэта больш “а акрамя таго, яшчэ i”?
П. К.: Акрамя вершаў у кнізе, ёсць іншыя – ажыўшыя і напісаныя, схаваныя і новыя, што яшчэ чакаюць свайго часу. Акрамя мяне запячатанага ў кнізе, ёсць яшчэ я па-за ёй. Акрамя саміх вершаў, ёсць людзі, што хаваюцца за імі, іх лёс, іх гісторыя. Так можна, у прынцыпе, бясконца працягваць – назва задае пытанні, а адказы ўжо могуць быць для кожнага свае.
Прыхаванага на будучыню – шмат. Ці стане моцы і жадання рэалізаваць – вось галоўнае пытанне. А пакінутага, бадай, што і няма. Omnia mea mecum porto.
А. К.: Напісана, што ў зборніку – вершы з 2010 па 2024 гады (пры тым, што іх і так няшмат). Відаць, ты той яшчэ цэнзар самаго сябе. Чаму засталіся менавіта гэтыя вершы? Як ты збіраў гэтую кнігу?
П. К.: Кожны асобны верш у зборніку (як і кожны верш у кожнага аўтара), гэта адбітак часу, месца, пачуццяў. Але для кнігі мне хацелася, каб “акрамя” гэтага адбітку была яшчэ мажлівасць прачытання тут і цяпер, без кантэксту. Спадзяюся, атрымалася, але і добра ўсведамляю, што гісторыя і кантэкст для кожнага твора вельмі важныя.
Калісьці Андрэй Хадановіч параіў, каб я паглядзеў на свае вершы не як Капанскі-паэт, а як Капанскі – настаўнік, каторы ўмее чапляцца да дэталяў, вышукваць і знаходзіць лішняе. Будучы вялікім пракрастынатарам, мне спатрэбілася шмат часу і дапамогі сяброў, каб паследаваць гэтай парадзе. Асобная падзяка тут усім-усім, хто выказваўся наконт маіх вершаў за ўсе гэтыя гады.
А. К.: А ці была думка паглядзець на вершы як Капанскі-чытач? Ці ўвогуле магчыма ажно на столькі адасобіцца ад напісанага?
П. К.: Правільна, Капанскі-чытач уваходзіць у камплект Капанскі-настаўнік. І таксама верна наконт адасаблення – галоўная думка тут, стаць па іншы бок слоў.
Што датычыцца таго, ці мажліва так увогуле, ці гэта не ілюзія і не самападман, гэта цягне на харошую і глыбокую размову. Па-мойму, лягчэй рэдагаваць вершы, калі прайшоў нейкі ўмоўны час. Гэта дазваляе сапраўды паглядзець на напісанае іншымі вачыма. Нават калі не “чытача”, то хаця б сябе іншага.
Тут яшчэ важна, што ніколі не ведаеш, што можа “зачапіць”, што адгукнецца ў кожнага. Таму галоўным ўсё адно застаецца сваё бачанне і смеласць прачытаць-паказаць сваю творчасць іншым. Напэўна, ніколі немажліва цалкам адасобіцца ад самога сябе. Для таго і патрэбная крытыка з боку іншых.
А. К.: Што да самацэнзуры – наколькі ты крытычны да сваіх тэкстаў? Наколькі для цябе важная /цікавая крытыка з боку іншых?
П. К.: Унутраны самакрытык за гады, канешне, падрос, пасталеў і займеў нейкі свой голас. Пакуль, напэўна, дасягнуў узроўню – вось гэта лішняе, а вось гэта не. Не ўсё, што на пачатку добра лягло, дапамагае цэльнасці. Гэта і пра “забіццё любімых” і пра паглядзець на твор вачыма самога твору. Нібыта добры верш той, які не патрабуе маёй прысутнасці.
Любыя словы ці заўвагі ад іншых важныя, але да пэўнай ступені. Раней, напэўна, я быў да крытыкі больш чуллівы. Цяпер – цешуся, калі чытанне маіх твораў выкліча нейкую рэакцыю.

А. К.: Як змяніўся паэт П. Капанскі за гэты час – 14 гадоў? Напрыклад, калі ўзяць нейкія дзьве каардынаты: 2010 і 2024. Чаго ў тваім паэтычным свеце паболела і паменела?
П. К.: Напэўна, выкрысталізавалася бачанне таго, што кажу і пішу. Паболела месцаў у памяці і ў сэрцы, да якіх можна звяртацца па творчасць. Тое, што раней было важна, але ў тым канкрэтным моманце жыцця, зараз набывае большае значэнне і вагу.
Паменела хіба што слоў. Часам іх хочацца затрымаць і не аддаваць.
А. К.: Але ўсё ж такі жаданне пагаварыць з чытачамі перамагае ў пэўны момант?
П. К.: Мажліва для кагосьці выданне кніжкі ці размова з чытачамі цалкам натуральны працяг творчасці. Але насамрэч ні тое, ні другое не з’яўляецца такой лёгкай справай. Таму так, гэтае жаданне накапліваецца і перамагае, а часам цалкам адсутнае.
А. К.: Магчыма я мала чытаю сучаснай беларускай паэзіі, папраў, калі я памыляюся, але вершы з тваёй кнігі – рэдкі доказ моцнай інтымнай лірыкі. гэта ў іх які Капанскі: даўнішні ці сённяшні? Ці чытаеш ты сам такую паэзію і каго?
П. К.: Гэта, канешне, вельмі моцныя словы. Падаецца, гэта Капанскі заўсёдны. Але яму таксама спатрэбіўся час, каб зразумець, што ён такі. Ды і, нібыта, ён усё яшчэ ў сумневах.
Я б не сказаў, што спецыяльна шукаю і чытаю інтымную лірыку. Але вока сапраўды чапляецца за лірычныя вершы. Напэўна з-за таго, што яе не так шмат сёння. У свае часы мяне вельмі ўразілі рэдкія, але вельмі моцныя лірычныя вершы Андрэя Адамовіча, пазней – Рафал Ваячэк (Rafał Wojaczek).
А. К.: А чаму, як ты думаеш, такіх вершаў няшмат? Ці толькі праз тое, што мы зараз жывём ад вайны да вайны?
П. К.: Не ўпэўнены, што такіх вершаў няшмат. Але іх, канешне, меней, чым вострасацыяльных. Тут не толькі ад вайны да вайны. Падзеі ў свеце перасталі быць “недзе там”, адбываюцца тут і цяпер, пад бокам у кожнага. І ў гэтай бясконцай інфапрасторы, сапраўды, не так шмат месца застаецца на інтымную лірыку. Таму яна нібыта адпавядае сваёй назве і застаецца “інтымнай”, тым, што кожны хавае ў самыя патаемныя кішэні.
А. К.: Не менш рэдкая з’ява – кніга вершаў адразу на 3 мовах. Як разбірацца ў сваёй галаве з рознымі мовамі? Чаму адзін верш пішацца па-беларуску, а другі – па польску, напрыклад?
П. К.: Проста даю мажлівасць выхаду словам і карыстаюся такой мажлівасцю. Напэўна, адзіная спроба неяк упарадкаваць словы ў галаве, гэта вывучэнне моў, чытанне. Каб у патрэбны момант злавіць сябе за думку і добранька яе патрэсці.
А ў галаве мовы блытаюцца, канешне. Лёгка можна не заўважыць як ужыў нейкае, падавалася б, трапнае слова, а яно з іншай мовы. Гэта адначасова і боль, і нагода, каб параіцца з кімсьці і знайсці добры адпаведнік.
А. К.: У кнізе два эпіграфы. Разанаў і Луіза Глюк. Што ў іх паэзіі табе блізка?
П. К.: У Разанава, бясспрэчна, сімвалічнасць вобразаў. І адначасова іх канкрэтнасць, падчас чытання не ўзнкае думка, а што адкуль узялося. Кожны вобраз грунтоўна, з усіх бакоў паказаны, амаль выціснуты да эссэнцыі. Кожная метафара – сугучча і сукупнасць, ніколі не стаіць паасобку.
У Глюк шмат чаго, ад пытанняў, вельмі чалавечых, вельмі інтымных і асабістых, што гучаць у ейных вершах, да абагульненняў, якія ўзнікаюць са звычайных жыццёвых падзеяў.
А. К.: Альбо пакінуць гэтыя іншыя словы? Ці верш мусіць быць напісаны нейкай адной мовай?
П. К.: Не мусіць. Дакладней, верш павінен быць такім, якім павінен быць. Атлічная таўталогія, якая абсалютна нічога не раскрывае, акрамя сутнасці. Толькі аўтар ведае. І абсалютна не факт, што паівнен ведаць нехта іншы.
А. К.: “Хочаш даведацца якое заўтра на дотык? Пахавай спярша ўчарашняга сябе”. Якое вось зараз заўтра цябе як паэта, напрыклад? Пасля кніжкі “акрамя”.
П. К.: Улучнае пытанне. Бо гэтыя радкі пісаліся як такі прамы зварот да самога сябе. Трэба шмат чаго пераасэнсаваць, нешта пахаваць, а нешта наадварот – выпусціць, што стрымлівалася гадамі.
Паэтычнае заўтра няўцямнае, але цалкам рэальнае. Навобмацак, але з добрым багажом больш глыбокага разумення сябе, сваёй паэтыкі і таго, што павінна быць прамоўлена.
Ну і вядома, прэзентацыя кнігі.