Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад новай кнігі Альгерда Бахарэвіча з назвай “Папяровы голем” на 18 кастрычніка. Падарожныя нататкі, эсэ, вершы і афарызмы. Рэдактар кнігі традыцыйна — Сяргей Шупа.
Цытаты з допісаў самога пісьменніка і выдавецтва, якія раскрываюць змест кнігі.
“…Нечым гэтая кніга падобная да дзёньніка, нечым — да падарожных нататак. Часам яна прыкідваецца нізкай вершаў і афарызмаў, а часам — зборнікам зусім кароткіх эсэ. “Папяровы голем” — ляканічныя і выразныя, злосныя і правакацыйныя, мэлянхалічныя і крытычныя тэксты Альгерда Бахарэвіча, напісаныя ў эміграцыі. Тое, што шматкроць гучала са сцэнаў розных гарадоў, на розных мовах, у інтэрвію заходнім мэдыям і ў размовах з замежнымі чытачамі. Тое, пра што аўтара рэдка пытаюцца па-беларуску. Пісьменьнік Бахарэвіч — пра гісторыю і літаратуру, творчасьць і мову, пра лёс і экзыль, боль і любоў. Пра тое, чаму навучыўся і што зразумеў. Пра сябе і тых, хто побач. Пра наш час, пра сваю Беларусь, пра Захад і Ўсход, пра новы й стары сьвет”.
“З усіх відаў мастацтва ты абраў самы незапатрабаваны. Магчыма, найбольш скампрамэтаваны ў гісторыі. Адзіны, дзе патрэбны пераклад. Самы хісткі мост паміж рэальнасьцю і ўяўленьнем. Самую старую гульню — з уласным «эга». Паўвымерлы від творчасьці. Апошні, што ўсё яшчэ чапляецца за паперу — як за паратунак ад уласнае эфэмэрнасьці. Гэтае мастацтва зрабіла цябе тым, кім ты ёсьць. Папяровы голем, кожнага дня ты ўваходзіш у пустое, чужое жытло — і бязгучна паўтараеш: я ёсьць”.
Альгерд Бахарэвіч выказаў спадзеў, што прэзентацыя кнігі адбудзецца на берлінскай частцы фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.