Новым героем відэа-лекцыі на YouTube-канале выкладчыка і паэта Андрэя Хадановіча стаў беларускі паэт і ўкраінскі грамадзянін Сяргей Прылуцкі, які жыве ў Бучы пад Кіевам. Сяргей Прылуцкі, які мае некалькі альтэр-эга ад хулігана Сірошкі Пістончыка да паўночнакарэйскага літаратара Кім Чжун Хо, гэта творца, які пранізліва піша лірычны дзённік з вайны.
Андрэй Хадановіч разважае пра творчасць Сяргея Прылуцкага і ягоныя кнігі “Гіброіды”, “Эўрыдыка не азіраецца” і “Нічога нястрашнага”, якія нядаўна пабачылі свет
Сярод іншага ў відэа можна пачуць:
- як культуролаг Жбанкоў параўноўвае Прылуцкага з Букоўскім і Хадановічам;
- чаму тэксты аўтара пра пратэсты 2006 года ў Беларусі дагэтуль актуальныя;
- як паўставаў вобраз Сірошкі Пістончыка ў творчасці Прылуцкага;
- Беларусь і Паўночная Карэя: празорлівыя паралелі аўтара праз выдуманага паэта Кім Чжун Хо;
- як Прылуцкі перанёс хуліганства ў дзіцячую паэзію;
- чаму кніга “Гіброіды” пабачыла свет толькі ў 2024 годзе;
- як Прылуцкі ў новых палітычных рэаліях пераасэнсаваў знакаміты верш Барадуліна;
- чаму ад тэкстаў са зборніка “Эўрыдыка не азіраецца” ўстаюць валасы дыбам: траўмы беларусаў 2020-га, дыялог з Качмарскім і думкі амапаўцаў;
- балючая паэзія вайны ў кнізе “Нічога нястрашнага”: сляды акупантаў у Бучы, кранальныя лісты таты да сына і танга з курткай, калі каханай няма побач.
Некалькі тэзісаў:
Кніга “Гіброіды” мусіла з’явіцца ў Беларусі ў выдавецтвы Ігара Логвінава, але штосьці перашкодзіла. Сёння мы чытаем гэтыя вершы з мудрасцю, з вопытам 2020-га і 2022-га. Увесь, на першы погляд, прыдуманы аўтарам апакаліпсіс і постапакаліпсіс з сённяшняга нашага досведу выглядае не такім ужо фантасмагарычным, нешта аўтар, відавочна, адчуваў, рэагуючы на тое, што згушчалася ў беларускім і кіеўскім паветры ў непасрэднай блізкасці да паэта і яго іранічных герояў.
Каляда, каляда,
На мяжы стаіць арда.
У сталіцы – чэрці.
З Новым годам, дзеці!
Сяргей Прылуцкі – голас любові і пяшчоты сярод нянавісці, голас рэдкай адэкватнасці і аб’ектыўнасці ў нашай суцэльнай азвярэлай звар’яцеласці. Можа быць, таму што кожную нашу праблему Сяргей Прылуцкі можа пабачыць украінскімі вачыма і наадварот. Яму няма чаго дзяліць у сваім сэрцы паміж Украінай і Беларуссю, таму кніга “Нічога нястрашнага” ёсць тэрапеўтычным чытвом як для нас беларусаў, так і для нашых сяброў-украінцаў.