“Незалежная Рэспубліка Зарэчча” — сімвалічная незалежная краіна ў Вільні, са сваім урадам, прэзідэнтам, амбасадарамі ў іншых краінах, валютай і канстытуцыяй. І, таксама, газетай. Самвыдат Užupio Heroldas існуе ўжо болей за дваццаць пяць год і адлюстроўвае Зарачанскую Рэспубліку з усім яе шматгалоссем, творчым падмуркам, міфамі і ўяўленнямі жыхароў пра свабоду. Выдаецца і беларускі варыянт газеты — “Зарачанскі Зьвястун”. Адзін са стваральнікаў зіна, паэт і фатограф Андрэй Антонаў расказаў Bellit.info пра “Зьвястун”, літаратуру, Вільню, і, вядома, Зарэчча.
Мы сустракаемся з Андрэем Антонавым сонечнай раніцай у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Андрэй перадаў сюды некалькі нумароў “Зьвестуна”. На стале перад намі ляжаць зіны*, адзін з нумароў, за 2004 год, надрукаваны на жоўтай газетнай паперы, у ім адразу прыцягвае ўвагу надпіс буйнымі літарамі па-літоўску “Užupio šaknų ieškote Harleme” (бел. “Карані Зарэчча шукайце ў Гарлеме”).
*Зін — выданне з невялікім тыражом, аўтары зінаў часта выдаюць іх самастойна. Узніклі як аматарская перыёдыка і перадаваліся з рук у рукі паміж прыхільнікамі фантастычнай літаратуры ў пачатку XX ст. Стварэнне зінаў спрасціў ксеракс, які ўвайшоў у шырокае ўжытак у 1970-я. Тэмы выданняў абсалютна розныя: ад субкультураў да асабістых дзённікаў, паэзіі ці фотаздымкаў.

На старонках — вершы віленскіх аўтараў, фотаздымкі, карыкатуры і малюнкі, літоўская, беларуская, украінская, ангельская, расейская мовы. Гартаючы старонкі “Зьвестуна”, пачынаю задаваць Андрэю пытанні:
— Распавядзіце, калі ласка, як з’явіўся “Зьвястун”.
— “Зарачанскі Зьвястун” пачаў выдаваць літаратар і перакладчык Томас Чапайціс, адзін з суаўтараў канстытуцыі Зарачанскай Рэспублікі*, ён дакладна наватар для Вільні, кніжны чалавек. Гэта было яшчэ да таго, як з’явілася і Зарачанская Рэспубліка, і канстытуцыя, я думаю, гэта год дзесьці 1997-ы. Я тады пазнаеміўся з Томасам, мы першы нумар рабілі разам. Праўда, сам нумар я не знайшоў, але ён дзесьці існуе.
*Незалежная Рэспубліка Зарэчча (Užupio respublika) — сімвалічная незалежная дзяржава мастакоў, паэтаў і іншых творчых асобаў, створаная ў віленскім раёне Зарэчча (Užupis). Абвяшчэнне незалежнасці Зарачанскай Рэспублікі адбылося 1 красавіка 1997 г. Паэт і перакладчык Томас Чапайціс (Thomas Chepaitis) — адзін з заснавальнікаў рэспублікі, ён таксама з’яўляецца і міністрам замежных справаў Зарэчча.
У познесавецкія часы Зарэчча мела статус найбяднейшага раёна горада, яго жыхарамі з’яўляліся працоўныя прамысловай зоны, маргіналы. З часам творчая моладзь пачала ствараць у Зарэччы свае супольнасці, некаторыя з іх базаваліся ў сквотах, якія праіснавалі да пачатку дзевяностых.
Пасля абвяшчэння Незалежнай Рэспублікі Зарэчча, раён стаў прыцягваць увагу мастакоў, інтэлектуалаў, бізнесменаў і турыстаў. На сёння Зарэчча адзін з найбольш папулярных раёнаў Вільні сярод жыхароў і наведвальнікаў горада.
Томас чалавек вельмі класны, але не вельмі арганізаваны, таму ўся архіўная частка — даволі занядбаная. Зрэшты, не ўсе схільныя рабіць аўтаархівы.
— Такі цікавы сам факт стварэння зіна — 1997 год, пасля Зарачанская Рэспубліка…
— У Томаса была візія, як гэта можна было рабіць. У тым самым 1997 годзе ўжо не было сквотаў, іх легалізавалі, зрабілі Зарачанскі Мастацкі Інкубатар (літ. Užupio Meno Inkubatorius). Гэта грамадская арганізацыя, якая адказвала за памяшканні. Да гэтага часу мы там жылі ў самазахопленых месцах, але сквоты гэта трохі іншая гісторыя.
Томас быў чалавекам збоку, да гэтых спраў ён дачынення не меў. У маіх вачох ён быў такі “grybas” — бяскрыўдны чалавек сярэдняга ўзросту. Старэйшы чалавек, які штосьці там робіць. Я з ім слаба быў знаёмы.
У Томаса была друкарская машынка, мы яшчэ на ёй рабілі, тады кампутар даволі дарагая і рэдкая рэч была. Нумары абклеівала калажамі Гражына Шкікунайце (Gražina Škikūnaitė), тагачасная сяброўка Томаса. Усё гэта было ў паўцемры, нейкай студыі.


Пасля яшчэ некалькі разоў рабілі зін, але актыўна газета пачала выдавацца, калі з’явілася Зарачанская Рэспубліка з усімі яе святкаваннямі. Кшталту фестываля авангарднай моды “Ar mada?” у 1997 годзе, які адбываўся ў закінутым двары побач з мастацкім інкубатарам.
Потым Чапайціс атрымліваў нейкія гранты, часам у яго свае былі грошы, але ён пастаянна рабіў зін, для яго гэта важна. Яму не вельмі было і ёсць з кім тут працаваць, сумнавата яму тут.
Я чыста з такіх гуманітарных меркаванняў падтрымліваў старэйшага таварыша, але і ў мяне была свая матывацыя. Здараліся моманты, калі я ў Вільні быў адзін беларускі літаратар, а ў Менску мне было даўно не цікава, я вываліўся з кантэксту. Таму “Зьвястун” матываваў дарабляць нейкія свае ідэі і тэксты.
— Атрымліваецца, Томас Чапайціс рабіў газету, бо яму хацелася здзейсніць нейкі мастацкі акт?
— Так. Ты мусіш дзяліцца, калі накапілася, распавядаць. Я сяджу на месцы, я вельмі ўкарэнены, ненавіджу турызм. А Чапайціс паездзіў па свеце, яму было важна рабіць газету.
У свеце ёсць такая з’ява, як альтэрнатыўная газета. The Village Voice — самая вядомая, якая сфармулявала многае ў 1960 — 90-я. Гэта бясплатнае выданне, якое выходзіць альтэрнатыўна, жыве і выдаецца за кошт рэкламы. Праўда, мы не ў Нью-Ёрку, з рэкламы жывеш у лепшым заходнім свеце.

У “Зьвестуне” няма ніякай рэкламы, але ёсць казка, прыгожы міт і літаратура. Эканамічна яна не мае пад сабой ніякага грунту. У “Зьвестуна” ж наклад хіба 30-50 штук. Вельмі важна для самавыяўлення, але ты не можаш з гэтага зрабіць індустрыю, якая б круцілася кожны тыдзень. Мы спрабавалі прадаваць газеты ў мясцовай кнігарні, але збольшага “Зьвястун” распаўсюджваецца бясплатна, у кавярні Užupio kavinė.
Траплялі нумары і ў Менск — я штосьці рассылаў аўтарам, штосьці прывозілася як сувеніры, штосьці прадаваў, але нейкіх распаўсюднікаў там не было.
— Цікава, а які ў Літве юрыдычны статус самвыдата? Ці адсочвае дзяржава такія выданні, кантралюе, ці можа забараніць?
— А як ты можаш забараніць? Паводле канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі, не Зарачанскай, забаронена забараняць. То бок ёсць свабода творчасці і навуковых даследаванняў. Не ведаю, каму з аўтараў канстытуцыі ў галаву прыйшла такая светлая ідэя, але гэта вельмі важны момант.
— З маіх адчуванняў, самвыдат — такая творчая энергія часу. Калі я ў нулявых вучылася ў Менску, у нашым педуніверсітэце быў зін “Танкіст” — газету, незалежна ад выкладчыкаў, выдавалі студэнты, і раскідвалі па аўдыторыях перад лекцыямі. І я сама ў тыя часы была ў суполцы моладзевага руху “Zabej”, мы таксама рабілі самвыдат. Гэта ўсё было вельмі драйвова. Таму і “Зьвястун” мне вельмі цікавы — канец дзевяностых, незалежная рэспубліка Зарэчча, творчыя людзі, адразу думаеш пра творчую свабоду.
— Некаторыя нумары — так і ёсць, так і было! А потым я пачаў шукаць такіх людзей, якія тут не маюць трыбуны. Бо для літаратара, я лічу, вельмі важна друкавацца на паперы.
Вільня — горад шматмоўны. Шмат аўтараў, якія ствараюць творы не па-літоўску, у пачатку дзевяностых засталіся без трыбуны, і вось зарачанскі зін і стаў для іх пляцоўкай. Як і для твораў літоўскіх аўтараў, нефарматных для афіцыйных мясцовых літаратурных выданняў.
Томас таксама нефарматны. Ягоная мама — расейская перакладчыца Наталля Траўберг, а бацька — літоўскі патрыёт Віргіліюс Чапайціс (Virgilijus Čepaitis), блізкі сябар Бродскага. Томасу хацелася чагосьці такога, што б адпавядала духу горада, бо ўсё роўна горад — гэта шматгалоссе.
Увогуле, шмат якія творы “Зьвестуна” — маргінальныя. І гэта не дрэнна, проста іншае. Томасу, напрыклад, таксама нецікава друкавацца ў афіцыйных літаратурных часопісах.


— Вы таксама друкуеце свае творы ў “Зьвестуне”?
— Так. Я ў нейкі момант перастаў пасмейвацца з Томаса, стаў разглядаць наш самвыдат як пляцоўку для сябе. Я гляжу на сучасныя беларускія літаратурныя часопісы, яны нібіта мадэрновыя, але гэта сум і боль, тая форма, якую яны цягнуць. Я думаю, літаратура ўжо не так працуе, і людзі ўжо не так чытаюць. З іншага боку, добра, што людзям падабаецца тое, чым яны займаюцца, але я сябе з імі не атаясамліваю.
А вось свае фотаздымкі я ў зіне не змяшчаю. Праблема фатаграфіі — гэта рэпрадукаванне, а ў нас жа ўсё рабілася на такіх дзіўных дыгітальных прыладах, даволі няякасных. Тут трэба рабіць графіку ў два тоны, каб у любым капіявальным цэнтры — націснуў на гузік — маеш рэпрадукаванне. Зіны ж бяруць пачатак у 70-х — 80-х, гэта ксеракс. У ксеры свая класная эстэтыка, як і ў ручнога шрыфта. Увогуле, найлепш захаваліся тыя нумары, дзе было найменш наваротаў.
— Я гляжу, сярод аўтараў ёсць і вядомыя беларускія прозвішчы: Адам Глобус, Севярын Квяткоўскі і іншыя. Як іх творы траплялі ў нумар?
— Самацёку не было. Я ўсё арганізоўваў, як у дзіцячым часопісе “Бярозка”, каб усё было — дзіцячыя вершы, проза і малюнкі. Усё праз індывідуальныя кантакты. Хтосьці з аўтараў мой добры знаёмы, хтосьці проста добры аўтар. Часам нешта замаўляў. Быў і нумар, прысвечаны беларускім падзеям 2020 году, яго ініцыяваў Томас, яму было важна разабрацца, што адбываецца.
— Ці плануецца выхад новага нумару “Зьвестуна”? Бачу, пакуль выданне перанесена на старонку Томаса Чапайціса ў Фэйсбуку — там перыядычна з’яўяляюцца фотаздымкі і тэксты, падпісаныя як “Užupio Heroldas”. Але ці будзе яшчэ выдавацца газета менавіта на паперы?
— Ну можам пазваніць Чапайцісу і запытацца. Тут жа момант матывацыі.

Андрэй Антонаў дастае тэлефон, і набірае патрэбны нумар. Падчас хуткай сяброўскай размовы становіцца зразумелым, што выхад чарговага нумару “Зьвестуна” цягам найбліжэйшага месяца — справа цалкам рэальная, хоць і моцна залежыць ад жадання і фінансавых мажлівасцяў стваральнікаў. Размова сканчваецца на дамове стэлефанавацца і абмеркаваць усё ў дэталях.
То будзем сачыць за навінамі.
Андрэй Антонаў (Андранік Антанян) нарадзіўся ў 1974 годзе ў Дыліжане, Арменія. Літаратар, перакладчык, фатограф. З 1993 года жыве ў Вільні. Амбсадар Рэспублікі Беларусь ад Зарачанскай Рэспублікі, перакладчык канстытуцыі Зарачанскай Рэспублікі на беларускую мову.
Загалоўнае фота — Tomas Terekas
Аляксандра Дварэцкая для Bellit.info