Чаму беларуская літаратура пачалася з пародыі

Блогер Кніжны Хома распавядае, як паўстаў беларускі варыянт “Энеіды” і чым ён адрозніваецца ад арыгінальнага твора Вергілія.

Што рабіць, калі вам раптам стала блага? Перш за ўсё ўспомніць, ці было калі-небудзь добра. Тое ж самае і з беларускай літаратурай: любы падручнік непазбежна паведамляе, што яна пачыналася ў надзвычай неспрыяльных умовах. Яно і не дзіўна, бо з 1696 беларуская мова была забаронена. “Не дужа і хацелася”, – адказаў на гэта беларускі мужык. Пакуль афіцыйныя дакументы складаліся па-польску, ён спакойна размаўляў так, як прывык. Мова не знікла, але сышла ў падполле, таму і літаратура існавала пераважна ў форме вуснай народнай творчасці.

З падзеламі Рэчы Паспалітай доля нашага пісьменніка не стала лепей:  літаратура існавала фактычна на нелегальным становішчы, бо немагчыма было проста так прысці ў выдавецтва і прапанаваць свой тэкст. Больш за тое, нават паставіць свой подпіс на такім рукапісе было небяспечна, таму аўтары хаваліся за псеўданімамі, а то і ўвогуле пакідалі твор ананімным.

А што з нацыянальнай перыёдыкай? Яе ўвогуле не было. Адзіным выключэннем стала “Мужыцкая праўда”, якая ў сямі сваіх невялікіх нумарах паспела сказаць людзям толькі самае неабходнае.

Карацей, усё сумна. Аднак насуперак абставінам адраджэнне беларускай літаратуры ўсё ж адбылося, прычым паспрыяла гэтаму… царская ўлада. Пакуль вы не пацягнуліся, каб загарнуць гэты артыкул, тэрмінова ўсё патлумачу. Пануючым напрамкам у тагачаснай расейскай літаратуры быў так званы класіцызм, які ўзнік у краінах з моцнай манархічнай уладай, адпавядаў густу арыстакратыі і строгім канонам (у тым ліку антычным). Напісаныя ў высокім стылі, творы гэтага кірунку былі павучальнымі і даводзілі, што найвышэйшае шчасце палягае ў служэнні дзяржаве і грамадству.

Пафасна гучыць, ці не праўда? Таму не дзіўна, што на беларускіх землях класіцызм быў асуджаны на поўную паразу. Творы гэтага напрамку часам ўзнікалі, аднак на іншых мовах – лацінскай, польскай, рускай. З прычыны нацыянальнай прыгнечанасці ўзнёслая праманархічная літаратура выклікала не захапленне, а адваротнае жаданне: высмеяць, спарадзіраваць, прынізіць. Таму абсалютна заканамерна, што ў падмурак новай беларускай літаратуры быў закладзены сцёб. Праўда, афіцыйная назва гэтай з’явы больш мудрагелістая: бурлескна-травестыйныя творы (ад італьянскага слова burlesco – жартоўны, і французскага travesti – пераапранаць). То-бок высокае, узнёслае гаворыцца наўмысна будзённа, падчас нават груба. Грамабой Зеўс сцябае вясковую сівуху? Калі ласка. Эол, бог вятроў, падплятае лыкам лапці? Без праблем.

Новы белліт цягнулі наперад лічаныя энтузіясты. Характэрна, што пачынальнікі часам самі не разумелі важнасці сваёй справы, бо ставіліся да такой творчасці як да забаўкі. І адной з першых ластавак быў аўтар “Энеіды навыварат”, якога звалі… Хаця хвіліначку. Перад тым, як разабрацца з аўтарствам парадыйнага твора, трэба ведаць, што стала аб’ектам пародыі. Таму запрашаем ў старажытнасць.

Гамэр, пасунься!

Бюст Гамэра ў Брытанскім музеі. Крыніца: wikimedia.org

Каб не было блытаніны, адразу размяжуем: Гамэр, аўтар эпічных паэм “Іліяда” і “Адысея”, жыў у Старажытнай Грэцыі (прыкладна ІХ – VIII ст. да н.э.), а Вергілій, аўтар “Энеіды” – у Старажытным Рыме (70 – 19 г.г. да н.э.).

Заслужаная слава Гамэра не давала спакою пазнейшым пакаленням. І справа тут не толькі ў асабістых амбіцыях: кожная вялікая дзяржава, на думку тагачасных уладароў, мусіла мець свой вялікі эпічны твор. У грэкаў ён быў, ды нават не адзін, а што ў рымлян?

Гэтую праблему ўсведамляў і Актавіян Аўгуст – першы рымскі імператар і заснавальнік Рымскай імперыі. Каб забяспечыць сабе станоўчы вобраз у народзе, ён разумеў, што трэба сябраваць з пісьменнікамі. Сярод тых, хто вакол яго гуртаваўся, быў у тым ліку Вергілій, які стаў класікам яшчэ пры жыцці. Аўтар двух вялікіх твораў (“Буколікі” і “Георгікі”), ён жадаў большага, але месца на вяршыні было занята – там сядзеў Гамэр. Патрэбна было нешта такое, што прымусіла б вялікага грэка пасунуцца.

Бюст імператара Аўгуста, Капіталійскі музей, Рым. Крыніца: be.wikipedia.org

Вергілій пачынае пісаць свой апошні твор, пасля якога планавалася завязаць з паэзіяй (так потым і адбылося, але не зусім звычайным чынам). Злыя языкі кажуць, што паэма была замовай Актавіяна Аўгуста, а паэт, адпаведна, стаў рупарам дзяржаўнай прапаганды. Апаненты такога меркавання пагаджаюцца, што ўладар сапраўды санкцыянаваў працу Вергілія і нават прыспешваў яго, аднак “з-пад палкі” такі твор напісаць немагчыма.

А што думаў сам Вергілій? Імаверна, што адной паэмай не пераплюнуць адразу і “Адысею”, і “Іліяду”. Хаця… Што калі зрабіць адну палову па аналогіі з першым творам, а другую – з другім? Так і пастанавіў. Замест Адысея галоўным героем быў абраны Эней, сын багіні Венеры. Пра тое, як пачаліся яго злыбеды, мы ведаем з міфа: пасля доўгай і нуднай аблогі Троі ахейцы (адно з грэчаскіх плямёнаў) нібыта паплылі дахаты, пакінуўшы ля сцен аграменнага драўлянага каня. А даверлівыя траянцы зацягнулі яго ў горад. Ноччу з каня павылазілі ваяры, перабілі варту і запусцілі паплечнікаў, што хаваліся побач. Тыя траянцы, што здолелі ўцячы, выправіліся ў марскі ваяж на чале з Энеем. Ну а далей вельмі сцісла: першую палову кнігі яны вандруюць, перыядычна трапляючы ў розныя прыгоды, а другую – ваююць, каб заснаваць у Італіі новую дзяржаву.

Публій Вергілій Марон: бюст ля ўваходу ў яго склеп (Неапаль). Крыніца: be.wikipedia.org

Вергілій пісаў паэму больш за 10 гадоў, але памёр, так і не скончыўшы яе. Перад смерцю ён папрасіў сяброў, каб яму далі рукапіс. Тыя адмовіліся, бо разумелі: ён можа кінуць паперы ў агонь. Тады паэт прымусіў іх паабяцаць, што яны не надрукуюць нічога, што не надрукаваў ён сам. Спойлер: слова яны не стрымалі, бо выдаць твор загадаў Актавіян Аўгуст. Яно і не дзіўна, бо хто ж адмовіцца апублікаваць, напрыклад, каментар, дзе яго хваляць? Праўда, сам уладар прыгадваецца там толькі мімаходзь. Аднак ён цешыўся тым, што Эней – яго правобраз.

Ці атрымалася ў Вергілія пасунуць Гамэра? Без прэтэнзій на абсалютную ісціну аўтар гэтых радкоў мяркуе, што “Энеіда” аказалася хоць і вялікім, але ўсё ж другасным творам. Аднак у чым яна дакладана пераплюнула “Іліяду” і “Адысею”, дык гэта ў колькасці пародый, сярод якіх (не без гонару зазначым) ёсць і беларуская.

Вергілій чытае Энеіду Аўгусту і Актавіі, Жан-Жазеф Тэясон, 1787. Крыніца: nationalgallery.org.uk

Мода на тролінг

Сцёб “Энеіды” нечакана стаў мэйнстрымам, які працягваўся некалькі стагоддзяў. Не апошнюю ролю тут адыграла тое, што гэты твор быў дапаможнікам па вывучэнні лацінскай мовы. Вядома ж, многім захацелася пакпіць з напышлівай і шматслоўнай паэмы, пераніцаваўшы яе на свой лад. Гэты трэнд быў распачаты ў Італіі, перакінуўся на ўсю Еўропу і дайшоў да славянскіх краін. Асаблівую важнасць для нас мае ўкраінскі варыянт за аўтарствам класіка тамтэйшай літатаратуры Івана Катлярэўскага. Гэта рэальна смешны твор з нацыянальным каларытам, мову якога лёгка зразумець беларусу. Можна і пачытаць, і паслухаць, і нават мультфільм паглядзець (спасылкі ўнізе).

Першае поўнае (I – VI часткі) выданне “Энеіды” Катлярэўскага, 1842 г. Крыніца: escriptorium.univer.kharkov.ua

Чаму “Энеіда” Катлярэўскага важная для нас? Па-першае, яна цесна звязана з беларускай паэмай. Існуе нават памылковае меркаванне, што наш варыянт – гэта пераклад з украінскай. Супольнага і праўда хапае, аднак гэта розныя творы са сваёй спецыфікай: Катлярэўскі пераапрануў багоў у казакоў, а беларускі аўтар – у заможных смаленскіх сялян.

Прадчуваем, што на гэтым моманце чытач можа выгукнуць: прычым тут смаленскія сяляне да нашай літаратуры? І няўжо літаратуразнаўцы дагэтуль не ведаюць, хто гэты загадкавы аўтар? Што ж, самы час вырашыць даўнія загадкі.

Хто? Дзе? Калі?

Існуюць супярэчнасці, якія немагчыма ўлагодзіць: барацьба дабра і зла, святла і ценю, тых, каму горача, і тых, каму дзьме. Адным з такіх адвечных канфліктаў з’яўляецца спрэчка аб аўтарстве беларускай “Энеіды”. Хаця апошнімі дзесяцігоддзямі назіраецца пэўны кансэнсус.  

Наша версія “Энеіды” – самая ўнікальная. Хаця б з той прычыны, што сярод усіх астатніх варыяцый гэта адзіная ананімная. Аўтар у яе, вядома, быў, аднак ён не хацеў выдаваць твор пад сваім прозвішчам. А калі быць дакладным, то не хацеў выдаваць увогуле (хаця гэта ўсё ж здарылася).

У свой час наша паэма мела шалёны поспех: яе перапісвалі і пераказвалі. Максім Гарэцкі адзначаў, што яна “зрабілася напаўнародным творам, асабліва ж была папулярна сярод дробнай шляхты, каторая ўмела “Энеіду навыварат” найчасцей усю на памяць”. Згуртаваўшыся дзе-небудзь на вялікім кірмашы, маладыя шляхцюкі дэкламавалі твор, часам, праўда, перайначыўшы яго так, што цяжка было пазнаць арыгінал. Рагаталі і сяляне, ды здзіўляліся, як гэта паэт (яўна ж барын!) так добра ведае іх жыццё.

Максім Гарэцкі – аўтар першага падручніка па гісторыі беларускай літаратуры. Крыніца: bdamlm.by

Калі была напісана беларуская “Энеіда”? У навуковай літаратуры выказваецца шмат меркаванняў, аднак адзінства няма. Пэўную падказку даюць радкі, дзе апісваецца, як вятры ўцякалі ад Няптуна:

Вось досыць ветрам тут дзякацца, —

З Нептунам зналі, які жарт, —

Дамоўкі сталі убірацца,

Як ад Кутуза Банапарт.

Заўважце, што не ад Кутузава, а “ад Кутуза” – менавіта так напісаў паэт. Вядома, на такі зварот ён пайшоў дзеля захавання рытму, аднак гучыць весела. А факт ведання пра гэтых асоб дазваляе меркаваць, што паэма (ці прынамсі гэтая яе частка) была створана пасля 1812 года. Ну а на самым раннім датаваным рукапісе, які да нас дайшоў, прастаўлены 1837 год. Адпаведна, дзесьці ў гэтым прамежку і пісаўся твор.

З часам хаця б прыкладна разабраліся, цяпер пагаворым наконт месца з’яўлення. Максім Гарэцкі адзначаў, што мова твора “скрозь чыста народная (смаленская гутарка)”. Уся соль у тым, што раней Смаленшчыну засялілі тыя ж крывічы, што і жылі і на абшарах сучаснай Беларусі. Услед за іншымі, гэтая зямля ўвайшла ў склад ВКЛ. Цікава, што ў 1408 годе князь Свідрыгайла прыехаў да Маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча з мноствам баяраў, сярод якіх былі і рослаўскія (цяпер гэта Смаленская вобласць). І маскавіты з цікаўнасцю глядзелі “на своих единоплеменников, принявших обычаи иноземцев”. Поруч з іншымі, смаленскія харугвы біліся на Грунвальдскім поле. Потым было яшчэ шмат тузаніны, горад пераходзіў з рук у рукі, а ў 1654 годзе быў канчаткова далучаны да ўсходняга суседа. Аднак у ХІХ стагоддзі заходняя Смаленшчына усё роўна мела пераважна беларускае насельніцтва, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што адтуль выпырхнула адна з першых ластавак нашай новай літаратуры.

Ну а цяпер заданне з зорачкай: хто ж аўтар? Беларуская “Энеіда” доўга існавала толькі ў рукапісах і пераказах, пакуль яе ўпершыню прыгадаў у друку… Славак! Гэта быў знакаміты філолаг Павел Шафарык, які выдаў кнігу “Славянскі народапіс”. Дарэчы, ужо тады ён упэўнена пісаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай – а гэта быў 1842 год. Праўда, імя нашага паэта ён не ведаў. А яшчэ праз тры гады ўжо і сам твор з’явіўся ў часопісе “Маяк”. Цікава, што перадаў яго туды не аўтар, кім бы ён ні быў, а іншы чалавек, у якога меўся адзін з рукапісаў (аматар славяншчыны А. Кавелін).

Павел Шафарык. Крыніца: muzeumslovakov.rs

Канкрэтная блытаніна пачалася, калі выйшаў “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага. У прадмове да гэтай кнігі было пазначана, што аўтарам “Энеіды навыварат” з’яўляецца нехта “Манькоўскі, спачатку саветнік у Магілёве, а потым у Віцебску віцэ-губернатар, які адзін толькі заслугоўвае назвы народнага беларускага пісьменніка”. Аказалася, што і праўда быў там чыноўнік, якога звалі Фама Манькоўскі. Служыў сабе добра, пасады займаў прыстойныя, аднак пасварыўся з царскай уладай праз рэлігію. Быў ён узорным каталіком, аднак хтосьці данёс, што нарадзіўся ва ўніяцтве. Здавалася б, ну і што? А справа ў тым, што ў 1839 беларускія ўніяты «были возвращены в лоно православной церкви». Так што выходзіла, што ён перакіньчык… Закруцілася рыпучая бюракратычная машына, абрастала дакументамі справа, па выніках якой Фаму перапісалі з каталікоў у праваслаўныя (нават мянушку далі “Фама няверны”). Хаця насамрэч быў ён верны і да канца жыцця лічыў сябе каталіком. Вось і ўсё, што мы ведаем пра Манькоўскага: пераканаўчых доказаў яго аўтарства так і не знайшлі.

Калі не ён, дык хто? У першым падручніку па гісторыі беларускай літаратуры Гарэцкі падкрэсліў, што доўгі час аўтарам “Энеіды” лічылі Манькоўскага, аднак “цяпер некаторыя вучоныя думаюць, што напісаў яе пан з Духаўчынскага павета Смаленскай губ. Вікенці Равінскі”. Вось тут ужо цёпла, нават горача.

Вікенцій Равінскі. Крыніца: nlb.by

Пра далейшыя спрэчкі навукоўцаў можна зрабіць цэлую дысертацыю, аднак мы зазначым асноўнае: доўгі час было столькі валтузні вакол гэтага пытання, што паэму прасцей было называць ананімнай. Напрыклад, аўтару гэтых радкоў так і казалі ў школе. Каб праілюстраваць сітуацыю, прыгадаем вось такі нюанс: у першым выданні хрэстаматыі па літаратуры ХІХ стагоддзя (1971) твор друкаваўся як ананімны. А ўжо ў другім (1988) – як аўтарскі твор таго самага Равінскага.

Не паспелі навукоўцы пагадзіцца, як наспела спроба бунту. У 70-х гадах журналіст Пятро Шаўцоў надрукаваў некалькі артыкулаў, дзе сцвярджаў, што “Энеіду навыварат” і нават “Тараса на Парнасе” напісаў… ягоны дзед. Каб не марнаваць час, можна адразу забегчы наперад: аргументы праверкі не вытрымалі. Абсалютная большасць даследчыкаў дагэтуль прыпісвае паэму Вікенцію Равінскаму, а ў новых выданнях яго імя стаіць на вокладцы (на адрозненне, напрыклад, ад найбольш распаўсюджанай кнігі 1983 года, дзе аўтар не пазначаны).

Дык што ж гэта за спадар Равінскі? Давайце разбірацца.

Аматар таптаць капялюш

Вікенцій Паўлавіч Равінскі нарадзіўся 5 кастрычніка 1786 года ў Духаўчынскім павеце на Смаленшчыне. Ён належыў да старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду. Планавалася, што хлопчык будзе служыць у войску, балазе ўмовы на той час былі спрыяльнымі: у ХVIII існаваў звычай запісваць сыноў на службу з самай калыскі. Пакуль немаўлятка яшчэ і не хадзіла, яму ўжо ішлі чыны. Так здарылася і са старэйшым братам паэта, які на шостым годзе жыцця стаў прапаршчыкам. Але ж Вікенцію не пашанцавала, бо такую фіктыўную службу забаранілі – давялося самастойна дабівацца кожнай нашыўкі.

Атрымаўшы неблагую хатнюю адукацыю, юнак пайшоў у егерскі полк. Пачатак быў гарачы: у 1805 годзе біўся пад Аўстэрліцам. Са школы мы ведаем, што недзе там на полі, гледзячы ў высокае неба, ляжаў князь Балконскі. Прыкладна ў гэты ж час, трапіўшы ў нявыкрутку, драпаў ад двух французскіх кірасіраў ардынарац Равінскі. Дзякуючы хуткасці свайго данскога каня, Вікенцій выратаваўся (а калі б дагналі, то не было б у нас цяпер “Энеіды”).

Рэдкае выданне дзвюх паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» захоўваецца ў бібліятэцы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Крыніца: vitvesti.by

Падчас вайны 1812 года паэт быў афіцэрам і ўдзельнічаў у абароне Смаленска. Калі Напалеон з паплечнікамі ледзе не ўварваўся ў горад, ён атрымаў загад тэрмінова скакаць да войскаў, якія стаялі за Дняпром, каб прывесці падмацаванне. Ён праляцеў праз увесь горад, які гарэў пад абстрэлам, апаліў валасы, бровы і вейкі, а калі пад’ехаў да войска, конь пад ім упаў (цікава, ці быў гэта той самы, які ўратаваў пад Аўстэрліцам). За гэты ўчынак Равінскі атрымаў ордэн, але Смаленск усё роўна разбурылі.

Служба і далей пасоўвала шпарка: залатая шпага за барадзінскую бітву, удзел ва ўзяцці Парыжа… Аднак нечакана ён выходзіць у адстаўку. Чаму? Сваякі сцвярджалі, што адна цыганка прадказала яму пагібель, калі ён і далей будзе у войску. Прымхлівы Равінскі паверыў і перарваў паспяховую кар’еру.

Імаверна, паўплываў на такое рашэнне і шлюб. Незадоўга да звальнення Вікенцій прыехаў на Смаленшчыну, каб улагодзіць фінансавыя справы. Не сказаць, што на той момант яны былі выдатнымі – праз службу шмат грошай не займеў, а ва ўласнасці знаходзіліся два невялікія маёнткі. Палкоўнік 32 гадоў, весялун і прыгажун, ён прыязна быў прыняты мясцовымі дваранамі і скарыў сэрца Праскоўі Рымскай-Корсакавай. Яе бацька вельмі неахвотна пагадзіўся на шлюб, бо наш класік быў хоць і радавіты, але небагаты. Ні ў якім разе не сцвярджаем, што гэта шлюб па разліку, а проста засведчым факт: Равінскі пераехаў у маёнтак жонкі і больш не меў грашовых клопатаў.

Пэўны час Вікенцій служыў цывільным чыноўнікам у розных гарадах, але потым канчаткова атабарыўся на Смаленшчыне і дапамагаў жонцы з гаспадарчымі справамі. Быў ён даволі лагодным, бо сяляне расказвалі, што калі пан злаваўся, трэба было проста ціха стаяць і маўчаць – неўзабаве той супакойваўся. Ну а калі абурэнне было дужа вялікім, то не караў, а кідаў на зямлю свой капялюш і таптаў яго. Цікава, колькі ж галаўных убораў ён так знішчыў за ўсё жыццё (імаверна, набралася б цэлая калекцыя).

Пасля адстаўкі Равінскі меў досыць часу на самаразвіццё і, на думку яго ўнука, скарыстаў гэты час у тым ліку на вывучэнне беларускай мовы, на якой размаўлялі мясцовыя сяляне. Праўда, унукавы мемуары падаюцца не самай дакладнай крыніцай, бо ён нарадзіўся ў 1862 годзе, то-бок праз 7 гадоў пасля смерці дзеда, і на ўласныя вочы нічога не бачыў. Да таго ж ён часам піша такое, ад чаго валасы дыбяцца: “Когда появилась Энеида Котляревского на украинском языке – пародия на Энеиду Вергилия, Викентий Павлович перевел ее на белорусских язык”. Няўжо ён не ведаў, што наш твор – не пераклад украінскага?

На жаль, “Энеіда навыварат” дайшла да нас не поўнасцю – захаваўся толькі пачатак. Усё астатняе, паводле таго ж унука, згубілі сваякі. Адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры займае ўсяго восем старонак і чытаецца літаральна за чвэрць гадзіны. Ці сапраўды ён смешны?

Як Зеўс гарэлачку сцябаў

Яшчэ да войска Равінскі пачаў пісаць сатыру, высмейваючы бязглуздае салдафонства. Была ў яго і рускамоўная вершаваная камедыя “Брак поневоле”, дзе ён апісаў рэальнае здарэнне, не горшае па сюжэце за любы блакбастар. Свае творы ён нідзе не друкаваў, аднак у якасці рукапісаў яны актыўна разыходзіліся па акрузе. “Энеіда навырат” – бясспрэчны пік творчасці паэта, дзе ўвасобіўся не толькі гумар, але і палітычная крамола.

Вокладка аднаго з найбольш распаўсюджаных выданняў паэмы, 1983 г. Фота аўтара.

Рэч у тым, што такога кшталту пародыі стваралі недавер не толькі да гераічных позаў грэка-рымскага мастацтва, але і агулам да абсалютнай манархіі, якая грунтавалася ў тым ліку на канонах класіцызму. Высмейваючы ўвесь гэты пафас, паказваючы адваротны бок жыцця, Равінскі тым самым разгойдваў аўтарытэт улады.

“Энеіда” падабалася і шляхцюкам, і сялянам. Дарэчы, наконт апошніх: паводле перапісу ў адным з яго маёнткаў была сям’я ў складзе Савелія, Афанасія, Філіпа і Феадосія. Так, хвіліначку… Дык гэтыя ж імёны маюць і траянцы з паэмы! Атрымліваецца, Равінскі ўвекавечыў сваіх сялян у творы. А тыя, паводле ўспамінаў, паміралі са смеху, пазнаючы ў героях сябе і сваіх аднавяскоўцаў. Вось так і трапілі ў гісторыю.

Асобна пераказваць сюжэт беларускай “Энеіды” няма сэнсу: па-першае, ён даволі кароткі, па-другое, – не хочацца нарабіць спойлераў. Аднак некаторыя сакавітыя нюансы ўсё ж прыгадаем. Уявіце, напрыклад, магутнага Зеўса цара і бацьку багоў ды людзей, уладара спадарожных вятроў і ясных дзён, дабра і зла, таямніц будучыні, якую ён вяшчаў у снах, гаспадара маланкі і грому. Пафасна, так? А вось якім мы сустракаем яго ў творы:

…тады сядзеў у клеці,

Гарэлку з мёдам там сцябаў,

Без сораму, як малы дзеці,

З падоння пальцам калупаў.

Ці яшчэ:

Тут Зеўс, гарэлачку дапіўшы,

Ражком у халяву пастучаў,

Цяртухі моцнае зажыўшы,

Таку гаворку распачаў…

А вось, напрыклад, Венера – увасабленне хараства, народжанага з марской пены:

Прыйшла Венера і завыла,

Саплямі змазала ўсё рыла…

Асаблівай лямпавасці аўтар дасягнуў, змешваючы дэталі побыту малаазіяцкай Троі, субтропікаў і Беларусі. Багі, целы якіх ледзь прыкрываліся лёгкімі тунікамі, пастаянна сядзяць ля печы, саскокваюць з печы, кладуцца “на палацях спаць”, а сам Зеўс абяцае траянцам, што яны ў Карфагене “папарацца ў бані”.

Дарэчы, наконт траянцаў: тут арэну выходзяць тыя самыя Саўка і кампанія, якія насамрэч былі сялянамі Равінскага. Пра іх ён кажа, што… Хаця стоп. Захапіўшыся, можна і ўсе цікавосткі выдаць. А што калі ўзяць ды пачытаць?

Спасылкі:

“Энеіда навыварат” (электронная кніга)

“Энеіда навыварат” (аўдыякніга)

Котляревський Іван – “Виргиліева Энеида” (электронная кніга)

Котляревський Іван – “Виргиліева Энеида” (аўдыякніга)

“Энеіда” (мультфільм)

Кніжны Хома, для bellit.info