Пачынаецца новы сезон Прэміі Гедройця

Арганізатары Прэміі Гедройця, якой ганаруецца найлепшая беларуская празаічная кніга, абвяшчаюць старт новага — чатырнаццатага — сезону і пачатак збору заявак на ўдзел.

Хто можа намінаваць?

Аўтары і аўтаркі, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, сябры журы і аргкамітэт.

Што новага?

З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 году. Звяртаем вашую ўвагу, што кнігі ў такім фармаце таксама мусяць адпавядаць патрабаванням удзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, што выходзілі да года намінацыі, то бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі.

Калі падаваць заяўкі?

Старт збору заявак — 26 лютага
Апошні дзень прыёму заявак — 19 сакавіка (да 23:59 беларускага часу).

Як паўдзельнічаць?

Для ўдзелу трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў giedroyc@penbelarus.org. У тэме ліста пазначце назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі/аўтараў.

Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца на сайце:
Статут прэміі
Рэгламент прэміі 

Імёны сябраў журы будуць абвешчаны неўзабаве, сачыць за навінамі можна на сайце прэміі — Giedroyc.penbelarus.org. Навіны будуць выходзіць таксама на сайце Bellit.info і ў сацыяльных сетках арганізатараў, на старонцы прэміі ў Facebook і Instagram.

Прэмія Ежы Гедройця існуе з 2012 году і стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

У мінулым сезоне трыўмфатарамі прэміі, якая адбылася ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці ў Гданьску, сталі Валянцін Акудовіч з кнігай “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (I месца), Ганна Якнута за кнігу “Час пустазелля” (II месца) і Зміцер Бартосік з кнігай “Забіць упалмінзага” (III месца).