Распачала дзейнайсць новая выдавецкая ініцыятыва па выпуску аўдыякніг — LITARALNA. Лідарам і ідэйным натхняльнікам праекту ёсць Уладзімір Пугач, беларускі музыка, які шмат гадоў прысвяціў беларускай музыцы і культуры наогул.
Выдавецтва аўдыёкніг Litaralna — каманда энтузіястаў, аб’яднаных важнай мэтай — захаваннем і папулярызацыяй беларускай моўнай спадчыны: літаратуры, перыёдыкі, значных помнікаў беларускай думкі.
“Наша галоўная задача захаваць і перадаць важныя ўзоры беларускай культуры ў фармаце, зразумелым і даступным маладому пакаленню: аўдыёкніжкі і алічбаваныя тэкставыя версіі значных твораў беларускай літаратуры, старых газет і часопісаў, заканадаўчых актаў і апублікаваных прыватных лістоў. Асаблівую ўвагу мы звяртаем на сучасных беларускіх аўтараў, бо менавіта яны развіваюць нашу мову, робяць яе жывой і лёгкай”, — тлумачаць выдаўцы.
Праект стартаваў адразу трыма аўдыякнігамі, якія можна слухаць бясплатна на сайце выдавецтва, а таксама на Youtube. Сярод іх падставовае філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам” і “Кароткая гісторыя Беларусі” аднаго з айцоў беларускага адраджэння Вацлава Ластоўскага.