Несавецкая беларушчына — новы выпуск падкаста Сяргея Дубаўца

Пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец у падкаст-праекце спецыяльна для сайта Bellit.info працягвае апавядаць пра Вільню, гэтым разам у фокусе віленская беларушчына, якая ніколі не была савецкай — карыкатурнай і хлуслівай, як у БССР. Выпуск даступны ў звыклым аўдыяфармаце, а таксама ў тэкставай версіі.

Анталёгія „Вільня“ (4). Несавецкая беларушчына

Можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых.

Савецкая школа, у якой мне давялося вучыцца, стварала з урокаў беларускай мовы і літаратуры клішэ самых непатрэбных ці нават брыдкіх прадметаў школьнай праграмы. Напэўна, былі і выключэньні, але ў цэлым фармаваўся менавіта такі стэрэатып.

Архаічны сялянскі побыт і беларус — “дурны мужык, як варона“, а яшчэ вечная вайна добрых расейцаў зь немцамі. А таксама Ленін і цэлая плойма правільных бальшавікоў вакол яго змагаюцца супраць варожага Захаду… Ва ўсім гэтым адчувалася хлусьня і другаснасьць, якія ня йшлі ні ў якое параўнаньне зь незразумела чаму “вялікай” расейскай мовай і літаратурай, побач зь якімі ўсё наша, вядома ж, было пігмэйскім. А яшчэ настаўніца-беларусіца, якая сама сабе не магла патлумачыць, нашто нам усім гэта беларускае вучыць і ад непаразуменьня выплёсквала свае эмоцыі на нас. Мы, у сваю чаргу, сканчалі школу з пачуцьцём палёгкі і ўстойлівым разуменьнем, што ніколі ў жыцьці ня будзем мець справу ні з гэтай беларускай мовай, ні зь літаратурай.

Так яно найчасьцей і выходзіла. Дзяцей непрыхавана адвучвалі ад беларушчыны, падсоўваючы замест яе нясьмешныя карыкатуры. Ясна, што гэта была прадуманая дзяржаўная палітыка і ў складаньні фальшывых  школьных праграм, і ў падборы настаўніцкіх кадраў на непрэстыжную працу, і ў тым, што ніякай наступнай адукацыі — спэцыяльнай ці вышэйшай па-беларуску не было. То бок, у беларускай мовы і літаратуры не было сэнсу, бо не было пэрспэктывы.

Тое, што ў нас ёсьць свая мова, што яна зусім не карыкатура, а такая ж паўнаварасная, як і кожная іншая, і што апроч нас, яе няма каму зьберагчы — гэтаму не вучылі. Нас не вучылі быць самімі сабою — прадстаўнікамі сваёй уласнай культуры.

Але такая патрэбнасьць была ў самой чалавечай прыродзе, і шмат у каго. Толькі як задаволіць гэтую сваю матывацыю? Каму пашчасьціла, той трапляў у цэлыя россыпы забароненай ці паўзабароненай беларушчыны. Найперш гэта была віленская беларушчына, якая ніколі не была савецкай — карыкатурнай і хлусьлівай, як у БССР.

Рашучы развод беларушчыны ў Менску і беларушчыны ў Вільні адбыўся ў 1930 годзе, калі ў Менску бальшавікі пачалі першыя арышты за беларушчыну. У 1933-м “народныя камісары” з наганамі ў кішэні правялі так званую рэформу правапісу беларускай мовы, як самі шчыра казалі, “з мэтай спрашчэньня і набліжэньня беларускай мовы да расейскай”. Гэта была самая сапраўдная кастрацыя — прадвесьце тых “брыдкіх урокаў” у савецкай школе. У Вільні на гэта глядзелі з глыбокай прыкрасьцю і, натуральна, газэты, часопісы і кнігі, як і раней, выдавалі паўнавартасным правапісам Тарашкевіча.

Для мяне і маіх сяброў менавіта тыя віленскія газэты, часопісы і кнігі сталі вялікім адкрыцьцём у жыцьці. Тое, што чыталася захоплена і зьдзіўленымі вачыма, як паўнавартасная культура, пры тым свая. Яна ня хлусіла і не імкнулася прынізіць цябе, яна была сучасная і заахвочвала думаць. Так чыталіся філязофскія эсэ Абдзіраловіча і Самойлы, распрацоўкі тэорыі псыхааналізу Фройда, якія рабіў доктар Грынкевіч, цалкам эўрапейская літаратурная крытыка Антона Луцкевіча, і, вядома ж, найвышэйшае пробы сучасная паэзія. І, што важна, гэтага было шмат і такога рознага, што я, праседжваючы дні ў віленскай акадэмічнай бібліятэцы, нават не ўяўляў, што гэтага чытаньня хопіць на ўсё жыцьцё. Гэта была беларушчына не папсаваная, не атручаная, не перакручаная саветызмам. Таму яна і лічылася з савецкага гледзішча антысавеччынай, хоць была папросту сама сабой.

Божа мой, думаў я не аднойчы, якое багацьце, якія скарбы, і гэта ўсё праўдзівае, і гэта ўсё наша, беларускае, маё! І як гарманічна ўсё гэта спалучаецца, нязмушана і свабодна: вобразы з карцін Язэпа Драздовіча быццам адным духам жывуць з вобразамі вершаў Уладзімера Жылкі. Як жа дзіка было гэты магутны дух ператварыць у тое кашмарнае ўбоства, якое падавалі нам за беларушчыну ў савецкай школе…

Жылка пісаў пра Вільню:

Калі сябры нас гудзяць згубаю
І ворагі прарочаць скон, —
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыводзяць згадкі у палон.

Ў маіх лятунках ты — ўладарная,
Пануеш ты, харашыня:
Завулкаў сон і ціш кляштарная,
Вяльлі празрыстай глыбіня;

Вялікай вуліцы экзотыка,
Тэатры, кіно, шпіталі;
І маліцьвенна ўзносіць готыка
Да неба тонкія шпілі;

Сьвятая Ганна — сьпеў, напеўнасьцю
Салодка ўзрушаны ўсягды;
А поруч зь бізантыйскай пэўнасьцю
Царква прысела ля вады;

У вечар за гарой трохкрыжнаю
Палае захаду пажар,
Як знак, што веліччу аблыжнаю
Яна ня выкліча ахвяр;

І плюск Вялейкі, хвалі ветрыка
Люляюць Бэрнардынскі сад;
І мігаціць праз ноч электрыка,
Ў зацёмках мескіх — шалы чад;

Плыве па вулках пыха панская,
Распуста, блуднасьць і мана;
І ярасьць жорсткая, паганская
Бліскае ў вочах літвіна;

Ў жыдоўскім гета — дробязь клопаты
І аб Сыёне сны ў туман;
І гэткі ж сум, і тыя ж допыты
Вядуць таполі Базылян;

А там — па-над мурамі даўнымі,
Дзе места ўсенькае відно,
Руіна думамі дзяржаўнымі
Гадае там: чыё яно?

Але ўжо лёс рукой няўхільнаю
Загад вызначвае зь вякоў:
Усё магутней б’е пад Вільняю
Прыбой нямоўкнучы з палёў.

Ўсё пераможней нестрыманае
Стыхіі шум і бурны круг…
О, места роднае, каханае,
Цябе зальле крывіцкі рух!

Уладзімер Жылка быў даастачы закаханы ў Вільню, ён нават выказаў шчырую сваю мару быць пахаваным тут, на могілках Росы.

Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы сьвет разьдзетым, босым,
Пара падумаць i пра кут:
На могiлках зацiшных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпiльней
Муры старой, каханай Вiльнi.

Калі Жылка піша гэтыя вершы, яму 25 гадоў. Ён вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Празе, а ўжо праз год пераяжджае ў Менск, акурат на самым уздыме тагачаснай беларусізацыі, калі беларушчына яшчэ не была падзеленая на савецкую і несавецкую. Якраз у часе гэтага падзелу, які так хутка грымне ў 1930-м Жылку возьмуць пад арышт бальшавікі і вышлюць яго ў нічым не прыкметны расейскі гарадок Уржум каля Вяткі, дзе ён і памрэ ці загіне, маючы ўсяго 33 гады ад роду. Многія прарочылі яму шлях выбітнага паэта, параўноўвалі з Максімам Багдановічам. А выйшла… Цяпер мы ведаем, што гэта ў тыя часы тыповы для несавецкага беларуса лёс.

Між іншым, у паэзіі спадзеў застацца ў Вільні навечна выкажуць яшчэ двое — Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Аднак і ў іх гэтае пажаданьне ня зьдзейсьніцца. Танк будзе пахаваны ў роднай вёсцы на Нарачы, а Арсеньнева — у Амэрыцы.

***

Шмат хто ў віленскай грамадзе бачыў на першых паэтычных ролях Міхася Машару, — разам з Натальляй Арсеньневай і Максімам Танкам. Акурат паводле сваіх поглядаў Машара займаў месца пасярэдзіне паміж нацыянал-дэмакраткай і камуністам. Ён шмат друкаваўся і быў заўсёднікам паэтычных тусовак.

Максім Танк у сваім дзёньніку ў 1936 годзе занатаваў, цытую:  

“Адзначылі нейкі юбілей М. Машары. Я ня быў на гэтай урачыстасьці, якая, здаецца, адбывалася ў цесным хадэцкім асяродзьдзі. Чуў толькі, што М. Машара здорава перасварыўся з арганізатарамі гэтага вечара, а ў рэдактара „Калосься“ запусьціў пустой бутэлькай. Беларус поўнай бутэлькай ня кінецца”.

Але паэтам першае велічыні Машара ня стаў праз занадта просты характар сваіх вершаў, пазбаўленых гульні паэтычных тропаў і праз сваю сьветапоглядную неакрэсьленасьць. Затое для нашай Анталёгіі ён пакінуў паэму або цыкль, як ён сам гэта назваў, “Падарожжа” — дзе апісаў беларускія мясьціны ў тагачасным горадзе, своеасаблівую падарожную кніжку, якой цалкам магчыма карыстацца і сёньня.

Такім чынам, паэт уваходзіць у Базылянскія муры, дзе колісь была абсталяваная турма, у якой сядзелі студэнты-філяматы, сярод іх Адам Міцкевіч, а цяпер тут віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча і віленская беларуская гімназія — сапраўдная культавая ўстанова, дзе выкладаюць беларускія сьветачы думкі тагачаснае Вільні:

Калісь хадзіў па гэтых сьцежках
З душой бунтуючай адзін —
Адам Міцкевіч — волат вешчы
Палёў тваіх, о Вільня, сын.

Пяяў тут гімны „прамяністым“
І оды вечна маладым.
Задумай топаль срэбналісты
Шумеў, схіліўшыся над ім.

І вы — старыя Базыльяны —
Яму вязьніцаю былі
І дух натхнёна-расьпяяны
Гасілі краты і муры.

Цяпер тут ходзяць гімназісты,
Сыны мужыцкае сям’і;
І на пясочку гэтым чыстым —
То пэўна іх відаць сьляды.

Усьцяж іх болей; з кожным годам
Ідзе з палёў прыліў сюды:
Надзея прышлая народу, —
Мы верым ім ужо згары.

Хоць будзе зь іх і рэнэгатаў,
І здраднік, пэўна, не адзін,
Але ў сям’і жыве й гарбаты,
А ў маці ён — нат любы сын.

Цяпер іх дух кіпуч і сьветлы
І сэрца чыста, як крыштал.
Шукаюць: сэнс, дарог і мэты,
Ва ўсім і ўсюды — ідэал.

І ўсё ж на іх надзея наша,
На перамогу ў барацьбе:
Ўсіх душ ня струціць жадна каша,
Бо згіне — зломак і слабы.

Першая беларуская гімназія ў Вільні, якая адкрылася ў 1919 годзе, была ня простая школа ў сучасным менскім разуменьні. Гэта быў культурны цэнтар, дзе выкладалі выбітныя інтэлектуалы свайго часу, а выходзілі адтуль сьвядомыя беларусы, якія тут атрымлівалі сваю беларускую місію на ўсё жыцьцё.

Дайшоўшы да музэя імя Івана Луцкевіча, Машара сутыкаецца з Антонам Луцкевічам, які пісаў літаратурна-крытычныя артыкулы пад псэўданімам Навіна.

— Музэй Луцкевіча Івана, —
Чытаю надпісь на дзьвярох,
Жалезам дзьверы акаваны
І ганак крыты у мурох.

Званю…
Мне адчыняе дзьверы тыя
Наш знаны крытык — Навіна
(Ня бойся, муза, мы — малыя:
Малых — малая ж і віна).

Антон Луцкевіч на той час быў дырэктарам музэю. Гэта 1934 год. У апошніх двух радках перададзена пэўная “няёмкасьць” аўтара. Рэч у тым, што Луцкевіч быў ушчэнт зганены ў менскім савецкім друку як нацыянал-фашыст і лідэр “беларускай санацыі”. Адначасова Машара ведаў, што гэта — паважаны беларускі дзяяч, палітык і навуковец, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня нашаніўскае пары, прызнаны літаратурны крытык і выкладчык літаратуры. Вось жа два процілеглыя матывы — прапагандысцкі аўтарытэт камуністычнага Менску і аўтарытэт самога Луцкевіча — сутыкнуліся ў гэтую няёмкасьць.

Казус такі самы, як зь сёньняшнімі “экстрэмістамі” — патлумачыць гэта лёгікай немагчыма. У чым уласна гэты “экстрэмізм”? Калі б у працах Луцкевіча была хоць фраза зь нейкім антаганізмам, а так жа не — ставілася задача будаваць свой народ прычым сіламі ўсіх удзельнікаў самых рознах поглядаў, а таксама — плённа для ўсіх бакоў суіснаваць з суседзямі…

І прывітаўшысь зь дзядзькам ветла,
Ідзём гуторачы далей.
Ў душы і радасна і сьветла
(Уходжу першы раз ў музэй).

Бібліятэка… Колькі кніжак!
Малых, вялікіх і таўстых.
Пяшчу рукой; падхожу бліжай —
Ўсё гэта мудрасьць дзён старых,

Сьляды мінуўшчыны багатай,
І дум, і творчасьці дзядоў;
Жыцьцё і быт — ад шэрай хаты
Да пышных княжацкіх муроў.

Ўсё аб Табе — мой Край каханы!
У кожнай кнізе і радку
Багацьці дум і звон баянаў
Ляжаць, сабраныя ў кутку.

Пасьля вайны Беларускі музэй зьнікне, экспанаты патрапяць у самыя розныя музэі Вільні, нешта паедзе ў Менск. Быццам прадчуваючы страту багачэзнага музэю Міхась Машара стараецца зафіксаваць у паэме чым болей экспанатаў.

Наступны за Базылянскімі мурамі трапляе на шляху Машары знакаміты рэстаран “Зялёны Штраль” — багемнае месца, дзе колісь бывалі іншыя славутыя віленчукі, напрыклад, Янка Купала.

Вось рэстаран — „Зялёны Штраль“,
Каля сталоў „эліта“ ўся.
Яны так пэўны, што пазналі
І сэнс, і радасьці жыцьця.

Вакно адчынена… Я бачу
Тлустых аголеных жанчын.
Няшчыры сьмех… Джаз-банд зьвінячы…
Зь юрлівым рогатам мужчын.

І заля пышна так прыбрана:
Каўры, крыштал і серабро…
А колькі красак растаптаных
Тут умірае, — пад сталом!

Ля вокан з вуліцы таўпіцца
Таўпа працоўная людзей:
Глядзяць, — як можна весяліцца;
І дзеці тут —
Ах, адвядзіце ж хоць дзяцей!

Так ці інакш, а час ад пачатку стагодзьдзя да 1939 году найбольш плённы ў беларускай паэтычнай калекцыі. У 39-м у Вільню пракралася была менская савецкая беларушчына, якая праменявала фальшывым шчасьцем, што спараджалася ад рэальнага страху. Янка Купала прысьвяціў Якубу Коласу наступны верш:

Ды веру: хутка, незадоўга,
У непрымушанай ахвоце,
З табой нябеснаю дарогай
Мы паляцім на самалёце.

Мы паляцім над Нёман сіні,
Над бор, ад князя ўжо свабодны,
Заглянем, хто жыве ў хаціне,
Дзе жыў ты, брат, з жыцьцём нязгодны.

Стуль паляцiм мы i да Вiльнi,
Дзе хлеб i соль дзялiлi спольна,
I ўсё агледзiм вокам пiльным
У Вiльнi, ўжо савецкай, вольнай.

Той тэктанічны разлом, якім было ўзьяднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі, застаецца разломам у беларускай сьвядомасьці, які з аднаго боку сапраўды аб’яднаў нацыю на адной тэрыторыі, а зь іншага боку саму аб’яднаную нацыю абяскроўліваў як фізычна, так і духова. Купала спрабуе асэнсаваць на савецкі лад сваю ўласную біяграфію. Але нацяжкі выглядаюць як белыя ніткі. Верш называецца “Еду сягоньня я ў Вiльню…”:

Менск, Маладэчна, Вiльня…
Як жа знаёмы шлях гэты!
Зьмерыў яго я калiсьцi,
Як шукаў шчасьця па сьветах.

Колькі ж ні ехаў туды я,
Ці то ў мароз, ці ў разводзьдзе,
Царскі жандар мяне тупа
І спатыкаў, і праводзіў.

*

Ехаць прыйшлося нядаўна,
Год таму тры ці чатыры, —
Тыя ж убогія хаты,
Тыя ж ля хат камандзіры.

Бачыў, як тамка пасьліся
Сьвіньні ў чужым агародзе.
Польскі жандар мяне тупа
І спатыкаў, і праводзіў.

*

Еду сягоньня я ў Вільню
Сьледам за арміяй нашай, —
Царскім і польскім жандарам
Думак дарога ня страша.

Сум недзе згінуў кашмарны,
Жудасьць па хатах ня бродзіць,
Кветкамі дзеці й дзяўчаты
Нас спатыкаюць, праводзяць.

Гаворка ідзе пра “вызваленчы паход Чырвонай арміі”, які захапіў усю Заходнюю Беларусь, у тым ліку і Вільню. Тут з 22 верасьня 1939 году пачала выходзіла газэта “Віленская праўда”. Шапка на першай паласе абвяшчала “Над краем жабрацтва і гора, уніжэння і слёз узыходзіць лучазарнае сонца свабоды і шчасьця“. Такое чытаць трэба наадварот — пачынаюцца масавыя дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі ў ГУЛАГ, а таксама арышты і расстрэлы заходнебеларускай інтэлігенцыі.

Вершы ў той газэце таксама друкаваліся. Напрыклад, Пятрусь Броўка ў першым нумары гукаў: “Заходні беларус! Ты вышаў грамадой / Каб з намі паеднаць любімыя палі / Бо мы адной сям’і, бо мы адной зямлі, / Нам з нашай маткай жыць — чырвонаю Масквой“.

Усяго “Віленскай праўды“ выйшла больш за дваццаць нумароў. Яна называла сябе то “Органам Часовага Ўпраўленьня Віленскай акругі“, то “Органам Часовых упраўленьняў Віленскай вобласьці і горада Вільні“. Паколькі газэта была беларуская, трэба меркаваць, што і вобласьць мелася быць у складзе БССР. Аднак 10 кастрычніка 1939 году газэта надрукавала Дагавор паміж Савецкім Саюзам і Літвой аб перадачы Вільні і вобласьці Літве.

Але на тым гісторыя ня скончылася. Віленскі беларускі фэномэн ад гэтых падзеяў не адчуў на сабе ін’екцыі саветызму, а віленская тэма ў беларускай паэзіі (як гэта часта бывае ў цёмныя часы) раскрыецца сваімі новымі гранямі і формамі, зьявіцца і новая плястыка — гэтае слова ў дачыненьні да паэзіі любіў ужываць літаратурны крытык Антон Луцкевіч. А я працягну гартаць віленскую анталёгію наступным разам.

Сяргей Дубавец