27 кастрычніка ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі а 16-й гадзіне адбудзецца прэзентацыі новай кнігі Уладзіміра Някляева “Без Айчыны” і прэм’ера паэмы “Каляды” ў выкананні паэта.
Кніга выйшла ў польскім выдавецтве Kollegium Europy Wschodniej (KEW) з ілюстрацыямі мастачкі Аляксандры Канафальскай. Мастачка будзе госцяй вечара і пакажа працэс стварэння ілюстрацый для кнігі “Без Айчыны”, выкарыстоўваючы тэхніку пескаграфіі. За музыку падчас прэзентацыі будзе адказваць Дзмітрый Дуганаў — мультыінструменталіст, які зайграе на хэндпане і розных духавых інструментах.
Кульмінацыяй мерапрыемства мае стаць прэм’ера паэмы “Каляды”, якую Уладзімір Някляеў прачытае асабіста.
Наведнікі імпрэзы змогуць набыць кнігу паэзіі “Без Айчыны”, папярэднюю кнігу паэта “Сам”, а таксама паштоўкі з вершамі і налепкі з ілюстрацыямі Аляксандры Канафальскай. Будзе магчымасць атрымаць аўтографы ад аўтараў.
У кнізе “Без Айчыны” Уладзімір Някляеў уздымае тэму эміграцыі, адчування страты айчыны, а таксама трывогі і надзеі, якія суправаджаюць гэты досвед. Гэта асабістыя, але ў той жа час блізкія многім беларусам перажыванні, перададзеныя праз паэзію і празаічныя замалёўкі.
27 кастрычніка
Дзверы — 15:30, пачатак — 16:00
Музей Вольнай Беларусі, вул. Foksal 11, Варшава
Уваход: данаты.