У паэта Сяргея Прылуцкага ў выдавецтве “Мяне Няма” выйшла новая кніга паэзіі — “Гіброіды”. Сайт Litradio.link публікуе на сваіх віртуальных старонках невялікую падборку вершаў з гэта кнігі пад назвай “Выбранае з Армагедону”.
Docudays
Кінатэатр “Жыцьцё” працягвае паказы:
там і любоў, і танкі, і бог, і мудакі.
Вось мірны акупант нясе культуру ў масы —
шкада, што мінкультуры зацерла мацюкі.
Вось там — гарыць душа, там — нелегальны рынак.
Ілюзіі, масты і шапкі — усё гарыць.
На гэтым белым сьвеце, чорным, як бацінак,
цяпер усё нагамі дагары.
Выходзіш на балкон, а там няма балкона.
Сунеш руку ў кішэню — і ўжо няма рукі.
Суседзі завялі ката Армагедона
заўчора, а сягоньня адкінулі канькі.
Нібы ў рацэ, уваччу плывуць бярвеньні трупаў.
За тое, што ня ўмёрлі, давай кульнём па сто.
Няруская вясна нахабна і падступна
на яблынях і грушах разьвешвае лісьцё.
(чытаць больш)
Кнігу вершаў “Гіброіды”, аздобленую малюнкам мастака Андрэя Пакроўскага можна заказаць на сайце выдавецтва “Мяне Няма”.
Сяргей Прылуцкі — панк-літаратар, віртуозны стыліст і хуліганісты выхаванец «обшчэства балотнага гламура». Пранізлівы лірык і адчайны перакладчык з невыноснага на чалавечае. Нарадзіўся ў 1980-м у Берасці. Аўтар кніг прозы “Йопыты двух маладых нелюдзяў” (2009), “Дэгенэратыўны слоўнік” (2014) і паэтычных зборнікаў “Дзевяностыя forever” (2008), “Герой эпохі стабільнасьці” (2014), “Патрыятызм для чайнікаў” (2016), “Далоў дарослых” (2017), “Эўрыдыка не азіраецца” (2021), “Нічога нястрашнага” (2024), “Гіброіды” (2024). Жыве ва Украіне.