У канцы 2023 года ў выдавецтве “Про Хрысто” выйшла кніга Раісы Зянюк “Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны”. Айцец Юзаф быў рэпрэсаваны за святарскую дзейнасць, больш за 25 гадоў правёў пад арыштамі, у турмах і ссылках, і нават пасля вызвалення амаль да канца свайго жыцця не меў права афіцыйна займацца душпастырствам.
Выхад кнігі прымеркаваны да 130-годдзя з дня нараджэння Юзафа Барадзюлі, які паходзіў з Віцебшчыны, расказвае часопіс “Ave Maria”. Раіса Зянюк сабрала пад адной вокладкай мноства дакументаў і матэрыялаў, знойдзеных у архівах Беларусі і замежжа, сведчанні сваякоў ксяндза Юзафа Барадзюлі і іншых людзей, якія захоўваюць жывую памяць пра яго, а таксама апрацавала і пераклала на беларускую мову ўспаміны самога ксяндза Юзафа.
“Я імкнулася максімальна напоўніць гэтую кнігу дакументамі, якія не толькі дапамагаюць у вызначэнні асноўных жыццёвых этапаў кс. Юзафа Барадзюлі, але і дазваляюць нам уявіць, як выглядала жыццё святара ў ХХ ст., якія падзеі суправаджалі дзейнасць духавенства, паказаць больш шырокі кантэкст, у якім жыло грамадства таго часу”, — піша ва ўступным слове аўтарка кнігі.