Ляйпцыг: пераклад “Я з вогненнай вёскі…” атрымаў прэмію

Прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу ў намінацыі “Пераклад” атрымаў Томас Вайлер (Thomas Weiler) за працу “Вогненныя вёскі. Злачынствы вермахта ў Беларусі – справаздачы відавочцаў”, менавіта так гучыць у перакладзе на нямецкую назва кнігі Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля і Алеся Адамовіча “Я з вогненнай вёскі…”.

Кніга выйшла па-беларуску 50 гадоў таму і змяшчае сведчанні відавочцаў масавых забойстваў у беларускіх “вогненных вёсках” падчас Другой сусветнай вайны.

Bildrechte: MDR/Ole Steffen

Журы высока ацаніла кнігу Томаса Вайлера, адзначыўшы, што “выказванні вяскоўцаў, якія амаль не магчыма сабе ўявіць, упершыню сталі даступнымі нямецкаму чытачу “. “Пераклад вусных выказванняў выкрывае жудасную жорсткасць перажытага, і выяўляе абмежаванасць мовы ў пякучай праўдзе гэтых сведчанняў”, — тлумачыць журы прэміі свой выбар.

facebook.com

Як раней расказваў Bellit.info, летась Томас Вайлер быў уганараваны прэміяй Паўля Цэлана за працу на ніве перакладу, перадусім за перастварэнне “Сабакаў Эўропы” Альгерда Бахарэвіча. Але таксама за тое, што дзякуючы яму “нямецкамоўны чытач мае магчымасць знаёміцца з малавядомай яму беларускай, польскай і расейскай літаратурай праз творы Артура КлінаваВіктара МарціновічаВольгі ГапеевайЗемавіта Шчэрэка (Ziemowit Szczerek), Аляксандры ЛітвінойЮлі Цімафеевай і інш. Жанры ягоных перастварэнняў вар’іруюцца ад складанай прозы ды нетрывіяльнай дзіцячай літаратуры, сягаючы далікатнай паэзіі”.