Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч у новым відэа на сваім YouTube-канале расказвае пра класіка жанру фэнтэзі і, магчыма, найбольш вядомага сёння аўтара фэнтэзі, напісанага не па-ангельску, — Анджэя Сапкоўскага і яго чароўны свет “Ведзьмара” на прыкладзе кнігі “Час ганьбы”, нядаўна выдадзенай па-беларуску.
Гледачы відэа дазнаюцца:
- як беларускія пераклады “Ведзьмара” ідуць у нагу з серыяльнай экранізацыяй рамана ад Netflix;
- як пары з сынам дапамагло Сапкоўскаму стаць пісьменнікам;
- гумар і постмадэрнізм у “Часе ганьбы”, як аўтар пераасэнсоўвае і перакульвае вядомыя казачныя сюжэты;
- як у фэнтэзійны свет Сапкоўскага ўваходзяць праблемы расізму і экалогіі;
- чаму Геральд – не тыповы вядзьмар;
- як у творы адлюстраваная тэма вайны і як у ім адбіваюцца падзеі польскай і сусветнай гісторыі;
- як дзікае паляванне стала агульным матывам для Сапкоўскага і Караткевіча.
На думку Андрэя Хадановіча, вялікім бонусам для беларускіх чытачоў тома “Час ганьбы” з’явіцца матыў дзікага палявання ці дзікага гону, які ўводзіць пісьменнік. Сярэднявечная легенда, якую добра ведае Сапкоўскі, якую добра ведаў і ў свой час напоўніцу скарыстаў Уладзімір Караткевіч з “Дзікім паляваннем караля Стаха”. Дзікае паляванне, прывідная кавалькада, шкілеты на конскіх шкілетах, якія скачуць у паветры, – усё гэта мусіць сімвалізаваць надыход войнаў ды іншых катастрофаў. Што цікава, як і ў выпадку з Караткевічам, за містычнай гісторыяй стаіць зусім не такое містычнае, больш матэрыяльнае тлумачэнне.
“Сага пра Ведзьмара” – гэта свет сур’ёзных выпрабаванняў і спакусаў, свет герояў, якім удаецца быць людзьмі і не зрабіць зла.