Паэт, перакладчык і выкладчык Андрэй Хадановіч у новым відэа на сваім Youtube-канале расказвае пра найлепшых нямецкамоўных яўрэйскіх паэтак і паэтаў, якія выжылі падчас Халакосту і паказалі, як гэта пісаць на мове свайго ворага, калі гэта і твая родная мова.
З відэалекцыі можна дазнацца:
- як яўрэйскія паэты і паэткі ставіліся да нямецкай мовы пасля Халакосту;
- як Роза Аўслендэр і Паўль Цэлан падтрымлівалі адно аднаго ў сутарэннях ткацкай фабрыкі ў акупаваных нацыстамі Чарнаўцах;
- як Цэлан стаў новым абліччам пасляваеннай еўрапейскай паэзіі і хто паўплываў на яго культавы верш “Фуга смерці”;
- творчы і жыццёвы шлях Эльзы Ласкер-Шулер: ад паэткі-вундэркінда да збіцця нацыстамі і эміграцыі ў Цюрых і Ерусалім;
- як знакамітая пісьменніца Сельма Лагерлёф дапамагла выратавацца ад нацыстаў Нэлі Закс;
- як трагічна звязаны лёсы Нэлі Закс і Паўля Цэлана;
- як Маша Калека адмовілася ад прэстыжнай узнагароды ў Нямеччыне, гнеў і немагчымасць дараваць у ейнай паэтыцы.
Героі (найперш гераіні) выпуску апыналіся ў сітуацыі асабліва моцнай моўнай ізаляцыі, дзе іх родная мова адназначна ўспрымалася мовай ворагаў і катаў, апыналіся ў сітуацыі, калі гаварэнне па-нямецку для іх саміх было псіхалагічна невыносным, як для Розы Аўслендэр, якая больш за 10 год пасля Халакосту не пісала па-нямецку, але ўрэшце вярнулася да роднай мовы. Паўль Цэлан, атрымліваючы ўзнагароду ў вольным горадзе Брэмене, гаворыць пра мову, мову сваёй паэзіі і проста сваю родную нямецкую, як пра тое, з чым адбылася катастрофа, але і пра тое, што дапамагло яму ў жыцці і творчай працы.
Паўлю Цэлану ўдалося сфармуляваць вобраз, чым ёсць паэзія пасля Асвенцыма. Катастрофа, руйнаванне ўсяго ўстойлівага для нас свету адбіваецца не проста ў змесце, сам паэтычны вобраз нясе ў сабе гэтую катастрофу, сама паэтычная форма пяе пра гэта.
Пра гэта і многае іншае разважае Андрэй Хадановіч у новым відэа.