Скончылася народнае галасаванне на літоўскім навіновым партале 15min.lt, які падводзіць кніжныя вынікі 2023 году. У кароткія спісы адпаведных намінацый (перакладная паэзія і нон-фікшн) прайшлі дзве кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі.
Андрэй Хадановіч з кнігай вершаў у перакладзе на літоўскую мову “Фантомныя радасці” ўзначаліў пяцёрку найлепшых у намінацыі “Перакладная паэзія”. Апрача таго сярод пяці найлепшых апынуліся Чарлз Букоўскі, Збігнеў Герберт, Віслава Шымборска і Бруна К. Эер.
Вольга Шпарага з кнігай “У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі” на чацвёртай пазіцыі таксама ўвайшла ў пяцёрку ў намінацыі “Перакладны нон-фікшн”. Разам з ёй за званне найлепшай кнігі змагаюцца Эн Эплбаўм, Стывен Кінг, Алівія Лэнг і Яанна Герак-Аношка.
Наогул народнае галасаванне праходзіла ў шасці намінацыях. Цяпер пачынаецца завяршальны этап, за справу бяруцца эксперты, якія прачытаюць кнігі з кароткіх спісаў і вызначаць пераможцу ў кожнай катэгорыі. Вынікі стануць вядомыя 19 снежня.