Апошнім часам сайт беларускай анлайн-бібліятэкі Kamunikat.org імкліва развіваецца. Следам за новымі літаратурнымі праектамі і ініцыятывамі з’явілася і новая інтэрнэт-старонка.
“Камунікат” актыўна займаецца запісам і выданнем аўдыякніг сучасных беларускіх аўтараў — Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча, Артура Клінава, Валерыя Гапеева і іншых.
Камунікат працягвае выданне аўдыяверсіі «Галасоў утопіі» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч у новых беларускіх перакладах. Апублікаваная ўжо трэцяя кніга серыі — «Цынкавыя хлопчыкі».
Дзякуючы падтрымцы “Камуніката” ў Беластоку аднавілася выданне паэтычнай серыі “Паэты планеты”, у якой выйшлі кнігі Уладзіміра Арлова і Андрэя Хадановіча.
Камунікат арганізуе таксама літаратурныя івэнты. Гэтак сёлета адбыўся еўрапейскі тур з Уладзімірам Арловым — больш за 10 гарадоў у чатырох краінах (Польшча, Нямеччына, Італія і Літва).
Аднак асноўным кірункам Kamunikat.org застаецца збор і захаванне кніг і перыёдыкі, якія выходзяць па-беларуску ці пра Беларусь.