Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat працягвае рабіць аўдыяверсіі кніг Святланы Алексіевіч, якія ўвайшлі ў беларускамоўны збор твораў пісьменніцы — “Галасы Утопіі”. Агучаная трэцяя кніга серыі.
Актуальны пераклад «Цынкавых хлопчыкаў» на беларускую мову зрабіў Андрэй Хадановіч, а за галасы, якія гучаць у аўдыякнізе, адказвалі акторы і акторкі — Крысціна Дробыш, Алена Баярава, Сяргей Чуб і Алег Гарбуз.
«Пісьменніца паводле свайго творчага метаду дапрацавала хроніку: скасавала цэнзурныя праўкі, далучыла новыя эпізоды, а таксама старонкі з уласнага дзённіка. Без гэтае кнігі немагчыма ўявіць сабе ні гісторыі афганскай вайны, смерцяноснай і няправеднай, ні гісторыі апошніх гадоў савецкае ўлады, якую гэтая вайна канчаткова падарвала», — гаворыцца ў анонсе.
Слухаць можна на сайце kamunikat.org, Spotify for podcasters, Apple Podcasts, YouTube ды іншых платформах.