Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад кнігі апавяданняў сучаснай польскай пісьменніцы Дамінікі Словік (Dominika Słowik) з назвай “Самасейкі”. Папярэдне замовіць кнігу можна да 31 студзеня. Пераклала кнігу Алена Пятровіч.
З анатацыі:
«Самасейкі» прыслухоўваюцца да настрою нашага часу і падкрэсліваюць абсурднасць навакольнай рэчаіснасці. У зборніку апавяданняў, які можна чытаць як складаную літаратурную казку, Словік старанна фіксуе шэпт прыроды, а таксама кліматычную катастрофу, якая адбываецца на нашых вачах.
У свеце герояў «Самасеек» кіруе ўяўленне, няма дакладных правіл, а мяжа паміж светам людзей і прыродай становіцца ўсё больш размытай. Гэта гісторыя пра нас — тут і цяпер, у будучыні. Аўтар неўзаметку выводзіць нас з зоны камфорту, супастаўляючы сваіх герояў з невядомым, непазнаным, неназваным.
Што гэта — літаратурны жарт ці прадчуванне сонцастаяння эпохі антрапацэна?
Продаж мае пачацца 4 лютага.
Раней у выдавецтве “Янушкевіч” выходзіў дэтэктыўны раман Дамінікі Словік “Зімоўка”.
Дамініка Словік — адна з найбольш выбітных польскіх пісьменніц новага пакалення. Яе імя стала вядомым пасля выхаду дэбютнай кнігі “Атлас: Допельгангер” (2016). Другі раман “Зімоўка” (2019) за вельмі кароткі час стаў бестселерам у Польшчы і атрымаў прэстыжную прэмію Paszport «Polityki».