Якія кнігі пазмагаюцца за званне найлепшай?

Распачынаецца новы прэміяльны сезон найбуйнейшай незалежнай узнагароды Беларусі — літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, якая штогод уручаецца за найлепшую кнігу прозы, напісаную на беларускай мове. Пачатак сезону 27 ліпеня прымеркаваны да 119-й гадавіны з дня нараджэння патрона прэміі, як называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.

Сёлета ў прэміі ўдзельнічаюць кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе. Такім чынам, поўны спіс намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця 2025 году:

  1. «Мое баба – діректор морга» – Вольга Аполька (Голя з Ополя), самвыд
  2. «Самы цымус: смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні» – Алесь Белы, выдавецтва Gutenberg Publisher
  3. «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» – Вольга Вялічка, выдавецтва Gutenberg Publisher
  4. «Вольнеры. Бясконцы дзень» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч»
  5. «Псіхараман. Уводзіны ў сучасную культуру» – Язэп Гніль, выдавецтва «Лысы Чэрап»
  6. «Гульні Цырцэі» – Зміцер Дзядзенка, фонд Kamunikat.org
  7. «Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»
  8. «Стагоддзе НН» – Сяргей Дубавец, выдавецтва «Вясна»
  9. «Сфагнумы» – Андрэй Дудко і Ветэраны карнай псіхіятрыі, платформа для электронных кніг Smashwords
  10. «Стрыжэ і піша» – Сяргей Календа, выдавецтва Gutenberg Publisher
  11. «Перамена месцаў» – Югася Каляда, выдавецтва «Пфляўбаўм»
  12. «Калі я выйду на волю» – Ганна Комар, выдавецтва Skaryna Press
  13. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандар Лукашук, выдавецтва «Вясна»
  14. «Апошняе пакаленне» – Макар, выдавецтва «Янушкевіч»
  15. «Жыццё ў дванаццаці апавяданнях» – Аляксей Правалоцкі, выдавецтва «Янушкевіч»
  16. «Залатое зерне» – Мечыслаў Ян Супрон, выдавецтва Gutenberg Publisher
  17. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала, выдавецтва Alena Kazlova
  18. «Гвалт» – Аляксандр Чарнуха, выдавецтва «Янушкевіч»
  19. «Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны, аўдыявыдавецтва Audiobooks.by і выдавецтва «Янушкевіч»

Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця складаецца з вядомых літаратараў, перакладчыкаў, даследчыкаў і культурных дзеячаў, чыя кампетэнтнасць і розныя перспектывы забяспечваюць ацэнку кніг.

Сёлета сярод публічных асобаў у складзе журы: беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne» Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Заснаваная ў 2012 годзе, літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця стала адной з найбольш прэстыжных узнагарод у беларускай культурнай прасторы. Яна не толькі адзначае творчыя дасягненні, але і фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.
Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага інстытуту.