Беларусы выкупілі ўнікальную кнігу Сімяона Полацкага

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла першае выданне кнігі “Жазло кіравання” (“Жезлъ правленіѧ”) беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага. Гэта адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі.

“Жазло кіравання” было надрукаванае ў Маскве ў 1667-ым годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў.

“Асветнік Сімяон Полацкі – постаць агульнаеўрапейскага маштабу і адна з самых яркіх асоб у гісторыі Усходняй Еўропы ў XVII ст. Шмат у чым ягонае жыццё і творчасць (у тым ліку кніга “Жазло кіравання”) адлюстроўваюць культурную спецыфіку Беларусі як еўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасцю і гістарычнай спадчынай, якая склалася ў выніку сінтэзу традыцый і ўплываў Захаду і Усходу”, — гаворыць Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS.

Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў. У будучыні плануецца перадаць яе ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Полацк кніга будуць выстаўляць падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

“Кніга “Жазло кіравання” з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала. “Жазло кіравання” лічыцца першым значным палемічным творам у расейскай гісторыі”, — тлумачыць Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы.

Пра Сімяона Полацкага і гісторыю стварэння кнігі “Жазло кіравання”

Сапраўднае імя Сімяона Полацкага — Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч. Нарадзіўся ён у Полацку ў снежні 1629-га году, паходзіў з купецкай сям’і. У архіўных спісах двароў палачан род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі

Першапачатковую адукацыю юнак атрымаў у родным горадзе. Затым вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, якая лічылася найлепшай праваслаўнай навучальнай установай Усходняй Еўропы. Пасля быў навучэнцам Віленскай езуіцкай акадэміі. 

Апрача роднай беларускай мовы Сімяон Полацкі дасканала валодаў лацінскай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі. Пісаў на ўсіх чатырох мовах вершы, прамовы, казані, навуковыя працы. Карыстаўся пры гэтым як кірыліцай, гэтак і лацінкай. Ёсць некаторыя падставы для меркавання, што ён быў чальцом уніяцкага ордэна базыльянаў.

З’яўленне на свет “Жазла кіравання” адбылося падчас жыцця Сімяона ў Маскве, куды ён пераехаў з Полацка блізу 1664-га году. У Маскоўскім царстве ён дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, царскі настаўнік і дарадца, кніжнік, паэт і драматург.

Акраверш з кнігі “Жазло кіравання”.

“Жазло кіравання” было створанае на падставе даручэння двух патрыярхаў — Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сімяон Полацкі суправаджаў падчас царкоўнага сабору 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасці сакратара і перакладчыка. 

Імя аўтара не пазначанае на тытульным аркушы. Сімяон зашыфраваў яго ў першых літарах кожнага з радкоў акраверша, дзе чытаецца “Симеон Полоцкии трудился”

Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем Царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і “лацінства” ды ўпісвала “Жазло кіравання” ў плынь палемічнай літаратуры. 

Сімяон Полацкі пастаянна заклікаў да выкарыстання розуму, рацыянальных разважанняў і дакараў маскоўскіх царкоўных дзеячаў за неадукаванасць і адсутнасць дастатковых ведаў.

Кніга “Жазло кіравання” была перавыдадзеная ў 1753-м годзе.

Ініцыятыва MALDZIS атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. Ініцыятыва працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобразу еўрапейскай нацыі. Такія набыткі, як “Жазло кіравання”, Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ці мапа Няпрэцкага, магчымыя дзякуючы грамадскім ахвяраванням. MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы дзеля пошуку каштоўнасцяў, іх набыцця, ушанавання памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртання забытых імёнаў.

Фотаздымкі Аліны Мазавец