Беларускую мастачку і ілюстратарку Кацярыну Дубовік намінавалі на Прэмію імя Астрыд Ліндгрэн (ALMA — Astrid Lindgren Memorial Award) — самую прэстыжную ў свеце ўзнагароду, якой адзначаюць тых, хто працуе з дзіцячай літаратурай і кнігамі для падлеткаў.
Усяго на атрыманне прэміі, якая была заснавана ў 2002 годзе шведскім урадам пасля смерці знакамітай дзіцячай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн, у 2025 годзе прэтэндуе 265 намінантаў з 72 краін і рэгіёнаў, у тым ліку 81 намінант з мінулых гадоў. У спіс уваходзяць перадусім аўтары і ілюстратары, а таксама апавядальнікі і папулярызатары чытання. Лаўрэат будзе абвешчаны 1 красавіка 2025 года.
Кацярына Дубовік як ілюстратарка дзіцячай літаратуры ў даробку мае шэраг выбітных прац, сярод якіх “Чараўнік краіны Оз” Фрэнка Баўма, “Пітэр Пэн” Дж. М. Бары, “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” Льюіса Кэрала, дзве кнігі пра Мешу, супольныя з пісьменніцай Надзеяй Ясмінскай, некалькі працаў да твораў шведскай пісьменніцы Эвы Сусы (“Снежны чалавек у Мінску”, “Toomi and the Little Plangnet”, “Scavenger Hunt in Mundu Onak”) і многае іншае. Таксама Кацярына Дубовік двойчы атрымала Прэмію Цёткі за “Найлепшае мастацкае афрамленне” кнігі для дзяцей і падлеткаў.
Гэта не першая намінацыя ад Беларусі на ALMA. Так ў 2019 годзе на прэмію пасмяротна быў намінаваны беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка.
ALMA (Astrid Lindgren Memorial Award) прыраўноўваюць да Нобелеўскай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры і ўручаюць за ўнёсак у яе развіццё і за захаванне “духу Астрыд Ліндгрэн”. Пераможца прэміі атрымлівае 5 млн шведскіх крон.