Рэжысёр з Беларусі Аляксей Раковіч пачаў працу над праектам “Дзікае паляванне караля Стаха”. Кіно атрымала грашовую падтрымку ад Польскага інстытута кінамастацтва, піша Тарас Тарналіцкі на “Еўрарадыё”.
Мяркуючы са справаздачы, у праекта вытворчы бюджэт 90 тысяч злотых, а Польскі інстытут дафінансуе яго яшчэ на 40 тысяч злотых. Сцэнарыстамі фільма пазначаныя Аляксей Раковіч, Яцак Васілеўскі і Дзмітры Багаслаўскі. Раковіч таксама выступіць рэжысёрам праекта. У прадусарах значыцца ягоная кампанія — студыя R2 FILM sp. z o.o.
Пра распрацоўку праекта стала вядома яшчэ летам 2024 года, пра што паведамляў тэлеграм-канал “Священный Белавуд”, але цяпер бачна, што імавернасць рэалізацыі істотна вырасла.
Як піша польскі прадусар і дыстрыб’ютар Марцін Жукоўскі, які дапамагаў аўтарам аформіць заяўку ў Польскі інстытут кінамастацтва, дзеянне фільма разгорнецца “на мультыкультурным Палессі ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя” і “дазволіць прадставіць складаныя адносіны паміж рознымі этнічнымі групамі такім чынам, які выходзіць за рамкі пракладзеных схем”.
На дадзены момант праект знаходзіцца на ранняй стадыі — перапісваецца літаратурны сцэнар, ідзе распрацоўка творчай канцэпцыі, пошук актораў і лакацый.

Вось што Аляксей Раковіч расказаў Еўрарадыё наконт фільма:
“Я маю правы на экранізацыю поўнага метра і серыяльнай версіі. Што датычна самога праекта, то ён яшчэ ў самым пачатку. Мы выйгралі конкурс толькі на распрацоўку сцэнара. Таму ідзе марудная праца па складванню капрадукцыі. Паралельна мы з маімі польскімі і беларускімі калегамі ствараем другі чарнавік літаратурнага сцэнара. Ёсць кантракт з нямецкай і польскай кінакампаніямі. Два вядучыя еўрапейскія акторы далі сваю згоду на ўдзел у праекце. Але пра акторскі састаў размаўляць яшчэ вельмі рана — гэта залежыць, не толькі ад рэжысёрскага бачання, але і ад удзелу вялікага капітала”, — падкрэсліў суразмоўца.
Хто такі Аляксей Раковіч
Стваральнік новай экранізацыі Караткевіча Аляксей Раковіч — рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар з Беларусі. Ён кіраўнік прыватнай студыі R2 Film, якая займаецца стварэннем кіна-, тэле- і рэкламнага кантэнту.
У партфоліа кампаніі — рэкламныя ролікі пра турыстычны патэнцыял Нясвіжа, Оршы, Мінскага рэгіёна, тэлефільмы пра Ігната Дамейку, Францыска Скарыну, гісторыю беларускай кухні.
З кінастужак гэта падтрыманая Мінкультам і рэалізаваная спартовая драма пра падлеткаў, што граюць у валейбол, “Пікалін эйс”, а таксама непаспяховая спроба экранізацыі рамана Андруся Горвата “Радзіва Прудок”.
“Прудок” падтрымаў Мінкульт у 2020 годзе, бюджэт склаў 450 тысяч рублёў, а прадусаваць яго мусіла студыя Віктара Лабковіча “Першая кінавідэакампанія”.
Але праз напісаную кінематаграфістам Андрэем Курэйчыкам скаргу на адрас Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на памылковае размеркаванне сродкаў Мінкульт адмовіўся фінансаваць праект, які дагэтуль існуе ў выглядзе тызера для конкурсу па фінансаванні кінапраектаў.
Апошнім часам Раковіч пераключыўся на працу ў Польшчы, дзе прасоўвае праект крымінальнай драмы “Гончыя сабакі” пра рабаўнікоў у Заходняй Беларусі часоў міжваеннай Польшчы — ён ужо знаходзіцца ў распрацоўцы. А таксама ўласна містычны трылер “Дзікае паляванне караля Стаха”, якім польскія чыноўнікі нарэшце зацікавіліся.
“Дзікае паляванне караля Стаха” — гэта пра што?
“Дзікае паляванне караля Стаха” — гістарычны дэтэктыў з элементамі містыкі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, апублікаваны ў 1964 годзе. Ён заснаваны на матыве дзікага палявання, які сустракаецца ў фальклоры розных паўночна- і ўсходнееўрапейскіх культур. Уладзімір Караткевіч выклаў гэтую беларускую народную легенду, абапіраючыся на гістарычныя падзеі.
Падзеі рамана адбываюцца ўвосень 1888 года, калі малады фалькларыст Андрэй Беларэцкі трапляе ў фамільны замак Яноўскіх Балотныя Яліны. Там яго сустракае апошняя прадстаўніца роду, Надзея Яноўская, якая верыць, што яе сям’я праклятая на дваццаць пакаленняў і яе хуткая смерць ад жудаснага Дзікага палявання стане канцом роду.
Беларэцкі выяўляе, што легендарнае Дзікае паляванне — гэта злачынная змова, арганізаваная дзядзькам дзяўчыны, каб давесці яе да вар’яцтва і завалодаць маёнткам.
Аповесць ужо аднойчы экранізавалі — у 1979 годзе рэжысёр Валер Рубінчык на кінастудыі “Беларусьфільм”. Яна атрымала некалькі міжнародных узнагарод.
Аднак самому Караткевічу гэтая адаптацыя не вельмі спадабалася, бо ў фільме амаль цалкам адсутнічаў адзін з ключавых матываў твора — смутак пра лёс беларускага народа.
Тым не менш фільм лічыцца рэдкім прыкладам гатычнага хорару ў савецкім кіно, а дыскі з адрэстаўраванай стужкай карыстаюцца попытам у амерыканскіх кінаманаў.
Таксама паспяховую пастаноўку рамана ў якасці оперы ажыццявіў у 2023 годзе кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін. Музыку для гэтай версіі напісала кампазітарка Вольга Падгайская, а вершы, якія леглі ў аснову лібрэта — Андрэй Хадановіч. Цяпер выдавецтва Gutenberg Publisher выдала гэтыя творы асобнай кнігай, якую можна замовіць праз іхны сайт.
Першы таксама выступіў рэжысёрам сумесна з жонкай Наталляй Калядой. Прэм’ера праходзіла на сцэне Barbican Theatre з 14 па 16 верасня 2023 году. Пастаноўка спалучала ў сабе оперу, тэатр, мультымедыя і жывую музыку, каб расказаць гісторыю, глыбока ўкаранёную ў беларускай культуры і актуальную для сучаснай Еўропы.
Гэтая версія оперы была намінаваная на найвышэйшую брытанскую тэатральную прэмію.