У выдавецтве Gutenberg выходзіць новая кніга публіцыста, блогера і гісторыка Алеся Белага “Самы цымус”. У выданні чытачы знойдуць 15 нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў габрэйскай і беларускай кухні.
“…Новая кніга, незвычайная. Пра габрэйскую і беларускую кухню адначасова. І нават болей: пра кухню трох гістарычных персанажаў, што да пары жылі на адной зямлі: селяніна, пана, местачковага рамесніка і гандляра. Як такое магчыма? А бо і пан, і жыд, і мужык — маючы розную свядомасць і розныя традыцыі — елі той самы крупнік. Або бабку. Або кішку. Хоць і гатавалі іх крыху па-рознаму, і елі пад розныя нагоды. Гэтая кніга — пра знакавыя супольныя стравы трох культур. Пра самы цымус”, — расказваюць выдаўцы ў сацсетках.
Мастацкае афармленне кнігі забяспечыў ілюстратар Юрый Таўбкін.
Кніга мае выйсці 25 красавіка, але ўжо цяпер даступная перадзамова па больш прывабным кошце праз сайт выдавецтва “Гутэнберг”.