Адкрытая перадзамова на новы раман Вішнёва

Выдавецтва Skaryna Press разам з ініцыятывай “33 кнігі для іншай Беларусі” падрыхтавала да публікацыі новы раман Змітра Вішнёва “Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер” і адкрыла перадзамову.

“Раман быў дапісаны яшчэ летась у Берліне, але я працягваў займацца ягонай рэдактурай і сёлета. У ім я разрэзаў сябе не шкадуючы, каб можна было пабачыць маё сэрца, якое пульсуе. Вельмі спадзяюся, што гэтая кніга не пакіне вас у спакоі”, — дзеліцца навіной у сацсетках Зміцер Вішнёў і дзякуе сярод іншага Ірыне Герасімовіч і Гётэ-Інстытуту.

У анатацыі гаворыцца, што новы твор Змітра Вішнёва — гэта раман-лабірынт, які нагадвае адначасова падарожжа Дантэ ў пекла, плаванне Адысея дадому і кампутарную гульню-блукалку, у дзе трэба адшукаць выйсце і выжыць. Сустрэчы з памерлымі сябрамі і вядомымі асобамі: Улдысам Бэрзіньшам і Алесем Родзіным, Андрэем Бітавым і Эдвардам Мункам, Янкам Брылём і Джэймсам Джойсам — шлях героя ў загадкавай капсуле часу будзе пакручастым, яму давядзецца сутыкнуцца з уласнымі страхамі і спазнаць самога сябе.

Зміцер Вішнёў — паэт, празаік і мастак і выдавец. Адзін з сузаснавальнікаў легендарнага мастацкага руху “Бум-Бам-Літ”, які ў 1990-я гады імкнуўся разарваць межы літаратуры і імкнуўся да сінтэзу мастацтваў.

Аўтар кніг “Штабкавы тамтам” (1998), “Тамбурны маскіт” (2001), “Трап для сусьліка, альбо нэкрафэлічнае дасьледаваньне аднаго віду грызуноў” (2002), “Верыфікацыя нараджэння” (2005), “Фараон у заапарку” (2007), “Замак, пабудаваны з крапівы” (2010), “Шоргат жукоў” (2011), “Спітыя баркасы” (2014), “Калі прыгледзецца — Марс сіні” (2018). У 2014 годзе раман Das Brennessekhaus выйшаў па-нямецку.

Таксама займаецца жывапісам.

У 2007 годзе разам з Міхасём Башурам Зміцер Вішнёў стварыў выдавецтва “Галіяфы”, якое перадусім выдавала беларускамоўную літаратуру і надавала асаблівую ўвагу дэбютным і забытым творам мінулага стагоддзя. Выдавецтва і кнігарня праіснавалі да 2022 году.

Цяпер жыве ў Германіі.