7 траўня ў Варшаве у Музеі Вольнай Беларусі ў 18:00 пачнецца цырымонія ўзнагароджання пераможцы прэміі Анемпадыстава, якой адзначаць найлепшую кніжную вокладку.
На цырымоніі будзе абвешчана імя аўтара ці аўтаркі найлепшай вокладкі для кнігі, выдадзенай у 2022 годзе. Спецыяльны госць імпрэзы – Лявон Вольскі, які заспявае песні на вершы Міхала Анемпадыстава.
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло 8 вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы:
- Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
- Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
- Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»
Цырымонію праводзіць Беларускі ПЭН разам з тэлеканалам «Белcат» і Музеем Вольнай Беларусі.