Вызначылі прэтэндэнтаў на званне найлепшай вокладкі

Журы прэміі Анемпадыстава за 2022 год абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой – вылучыць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года. На прэмію намінаваныя 14 вокладак, з якіх журы абрала 8 фіналістаў.                     

  1. Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»

2. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»

3. Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»

4. Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»

5. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»

6. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»

7. Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»

8. Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»

У складзе журы за 2022 год: арт-менеджарка, заснавальніца мастацкіх галерэй Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансерка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, вэб-распрацоўшчык Максім Тымінько; мастак, аўтар лекцый Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.

“Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем, сябры журы ацэньвалі кожную вокладку паводле дзесяцібальнай шкалы. Сумы балаў вызначылі фіналістаў”,тлумачаць арганізатары.

Цырымонія абвяшчэння пераможцы адбудзецца 7 траўня ў Музеі Вольнай Беларусі (Варшава).

Сёлета чальцамі аркамітэта прэміі за найлепшую вокладку да беларускай кнігі сталі Беларускі ПЭН і фонд «Адкрытая культура». Генеральны партнёр прэміі – тэлеканал «Белсат». Партнёры прэміі – ТАА «H&L» і кампанія «Laut»

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. У 2021 годзе  пераможцай стала дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.