9 верасня 1903 года ў Баку (цяпер Азербайджан) нарадзілася выбітная паэтка і перакладчыца Наталля Арсеннева.
Паходзіць з рускай дваранскай сям’і. Ад 1905 г., за выняткам 1915—1919 гг. (эвакуацыя ў Яраслаўль), жыла ў Вільні. Скончыла Віленскую беларускую гімназію. У 1922 г. узяла шлюб з вайсковым дзеячам Францам Кушалем. Жыла ў Польшчы, перыядычна наведвала Вільню. У 1940—1941 гг. разам з сынамі Яраславам і Уладзімірам знаходзілася ў высылцы на поўначы Казахстану. У траўні 1941 г. атрымала дазвол вярнуцца ў Беларусь. У 1942—1944 гг. працавала ў “Беларускай газэце”, перакладала лібрэта для Мінскага гарадскога тэатра. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі.
Спачатку была ў Германіі, дзе ўдзельнічала ў беларускім культурным жыцці ў лагерах для перамешчаных асобаў, выкладала ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. У 1950 г. пераехала ў ЗША. У 1952—1954 гг. рэдагавала газету “Беларус”, потым працавала ў нью-ёркскім офісе беларускай рэдакцыі Радыё “Свабода”. Была сябрам Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага задзіночання, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. У 1967 г. пасля сьмерці нявесткі Наталлі Кушаль разам з мужам пераехала да сына Уладзіміра ў Рочэстэр, штат Нью-Ёрк. Адыйшла ў лепшы свет 25 ліпеня 1997 года.
Пахаваная на могілках Маўнт Хоўп, Рочэстэр, штат Нью-Ёрк, ЗША. Друкавацца пачала ад 1920 г. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Пад небам сінім” (Вільня, 1927, рэпрынт: Мінск, 1991), “Сягоньня” (Мінск, 1944), “Між берагамі” (Нью-Ёрк—Таронта, 1979). У Беларусі ў 1996 г. выйшаў зборнік “Яшчэ адна вясна” (укладанне А. Сямёнавай), а ў 2002 г. том “Выбраных твораў” у серыі “Беларускі кнігазбор” (укладанне Л. Савік). Вядомая таксама як аўтарка словаў гімну “Магутны Божа”.