Жураўлёў Васіль Пракопавіч (нар. 27.5.1931, в. Раздзел 2-гі, цяпер Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл.). Літаратуразнавец. Сябра СП з 1972 г.
Закончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1954) і паступіў у аспірантуру пры гэтым жа інстытуце. З 1957 г. навуковы супрацоўнік, з 1989 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук.
Выступае ў друку як крытык і літаратуразнавец з 1957 г. Аўтар кніг “Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм” (Мінск, 1978), “Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана” (Мінск, 1991, 2004), “На шляху духоўнага самасцвярджэння” (Мінск, 1995), “У пошуку духоўных ідэалаў: На матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст.” (Мінск, 2000), “Актуальнасць традыцый: Якуб Колас у пісьменніцкім асяродку” (Мінск, 2002), “Класіка і літаратурная сучаснасць: духоўны патэнцыял чалавека” (Мінск, 2011), “Непадкупны суд памяці: творчасць Анатоля Кудраўца” (Мінск, 2014). Адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (Мінск, 1964—1966), “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” (Мінск, 1969), “Истории белорусской дооктябрьской литературы” (Мінск, 1977). Сааўтар кніг “Праблемы сучаснай беларускай прозы” (з П.Дзюбайлам і М.Луферавым, Мінск, 1967), “Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс” (з А.Андраюком, А.Лысенка, Л.Голубевай, Мінск, 1971), “Пытанні паэтыкі” (з Я.Шпакоўскім і А.Яскевічам, Мінск, 1974), “Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм” (з М. Тычынам, Мінск, 1982), калектыўнай працы “Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу” (Мінск, 1987). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа (2002).